Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 03 Чэрвень 2019

Абвешчаны збор сродкаў на новы плот вакол музэю Быкава на Вушаччыне

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Сабраць талакой грошы на новы плот вакол музэю-сядзібы Васіля Быкава ў Бычках на Вушаччыне прапанаваў журналіст Глеб Лабадзенка. Збор сродкаў абвешчаны на краўдфандынг-пляцоўцы MOLAMOLA. 19 чэрвеня Беларусь адзначыць 95-ю гадавіну з дня народзінаў народнага пісьменьніка Беларусі.

Ініцыятар кампаніі па збору сродкаў Глеб Лабадзенка нагадвае, што музэй-сядзіба пісьменьніка ў Бычках была адкрытая ў 2004 годзе. З таго часу плот вакол хаты зусім спарахнеў і вось-вось абрынецца. "А хочацца, каб пад юбілей пісьменьніка, калі сюды прыедуць людзі, усё выглядала хораша”, – піша Лабадзенка.

Паведамляе, што ўжо дамовіўся з раённымі ўладамі. Яны абяцаюць узяць на сябе працы па ўсталяваньні агароджы. Старыя спарахнелыя слупы плянуецца замяніць на мэталёвыя, штыкеціны застануцца драўляныя.  

Таксама Вушацкі райвыканкам абяцае ўсталяваць насупраць хаты валун з памятнай дошкай, на якой будзе надпіс: “На гэтым месцы стаяла хата, у якой нарадзіўся народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў”.

Каб паставіць новы плот, трэба за некалькі тыдняў сабраць 3 тыс. рублёў. За некалькі дзён пасьля запуску кампаніі было сабрана пакуль што толькі 500 рублёў.

“Шчыра дзякую ўсім за лайкі і перапосты, але мушу паведаміць сумную рэч: з лайкаў і перапостаў плот і помнік ня зробіш…” – напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Глеб Лабадзенка.

Зьміцер Міраш