Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 29 Май 2017

52-гі пошукавы батальён зьехаў, але пытаньні засталіся

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

На мінулым тыдні вайскоўцы 52-га пошукавага батальёну скончылі працу па эксгумацыі неідэнтыфікаваных парэшткаў з ускрытых чорнымі капальнікамі пахаваньняў у лясным урочышчы ля вёскі Хайсы. Аднак грамадзкія актывісты кажуць пра новыя знаходкі ў расстрэльным лесе.

Грамадзкасьці пакуль не вядома, да якіх высноваў у выніку раскопак прыйшоў  археоляг пошукавага батальёну Вадзім Тамілін, але відавочна, што менавіта ягоная вэрсія адносна таго, кім былі ахвяры хайсоўскай трагедыі, і стане афіцыяльнай вэрсіяй уладаў.  І хаця ягоны калега з Акадэміі навук Алег Іоў, які таксама прысутнічаў пры эксгумацыі, перакананы, што ў лесе ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, малаімаверна, што ягоныя высновы будуць узятыя пад увагу. Найхутчэй, з улікам сёньняшніх рэаліяў і стаўленьня да ранейшых знаходак у расстрэльным лесе ўлада прыкладзе намаганьні, каб і надалей захоўваць прыстойную міну пры дрэннай гульні. У гэтых умовах грамадзкія актывісты  працягнуць сваю працу па пошуку новых сьведкаў і доказаў таго, што расстрэлы зьдзяйсьняліся ў перадваенны час.

Так, жыхар вёскі Хайсы Пётар Малашэнка дапамог лякалізаваць у лесе яшчэ адно імавернае месца расстрэлаў. На невысокім пагорку зямля зрытая некалькімі невялікімі шурфамі. Сярод раскопаў вылучаецца адзін больш глыбокі. Вакол яго валяюцца нешматлікія фрагмэнты чалавечых шкілетаў, косткі таксама прысутнічаюць і на дне раскапанай невядомымі яміны.

Пётар Малашэнка

Вось што распавёў спадар Малашэнка:

– Бацька мой Іван Пятровіч жыў недалёка ад лесу [хата Малашэнкаў знаходзілася на ўскрайку вёскі якраз каля дарогі, па якой вазілі рэпрэсаваных – аўт.|, дык ён, калі мы езьдзілі на сенакос, казаў, што тут вось і расстрэльвалі, і закопвалі. Бацьку да вайны было чатырнаццаць гадоў. Тут раней было поле, кусты. Гэта ўжо потым лесьнікі лес пасадзілі. А тут поле было, кароў пасьвілі. На калгасным жа не давалі пасьвіць, таму ганялі па кустох.

Сваімі ўспамінамі падзяліўся і Ігар Духовіч, жыхар Віцебску. У дзяцінстве ён часта разам зь сябрамі катаўся на ровары па прасёлкавых дарогах у ваколіцах Віцебску. Неяк дзеці даехалі да ўжо знаёмага нам лесу, спыніўшыся мэтраў за пяцьдзесят ад вядомых цяпер пахаваньняў.

Ігар Духовіч

Стоячы на тым самым месцы, што і ў дзяцінстве, Ігар Духовіч расказвае:

– У глыб лесу мы не паехалі –  шлях перапыніла вялікая лужына. Сьпешыліся, агледзеліся і вырашылі крыху адпачыць ды вяртацца назад тым самым шляхам. Было гэта ў 1974 годзе, як цяпер памятую. Стаім, размаўляем. Нехта з хлопцаў заўважыў на самым ускрайку лесу, да якога падыходзіла калгаснае поле, нешта белаватае. Трава толькі-толькі пачынала расьці, таму было добра відаць здалёк. Падышлі бліжэй, убачылі вялікую галёначную костку. Чэрап ляжаў крыху далей, недзе тут, недалёка ад гэтай яміны. Страху ў нас не было, бо ў клясе ўвесь час стаяў макет чалавечага шкілету. Прызвычаіліся. Лес гэты ўвесь на касьцёх стаіць.

Яшчэ распавяду гісторыю, якую пачуў ад старога трактарыста, калі прыяжджаў зь ім у гэты лес па дровы. Дык вось, ён казаў, што пасьля летніх расстрэлаў у лесе стаяў такі невыносны смурод, што нкусаўцы вымушаныя былі расстрэльваць «ворагаў народу» ў Цёплым лесе.

Пра даваенную вэрсію расстрэлаў сьведчаць дзясяткі людзей з Хайсоў, Дрыкольля, Віцебску. Відавочна, пагалоска пра забойствы рэпрэсаваных не магла паўстаць на пустым месцы і гэтак доўга (90 гадоў) перадавацца з пакаленьня ў пакаленьне. Але нават калі ня браць пад увагу людзкія ўспаміны, здабытых падчас раскопак матэрыяльных сьведчаньняў дастаткова, каб зрабіць аб’ектыўныя высновы і, нарэшце, годна ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскага рэжыму, якіх аднойчы ўжо асудзілі  несправядлівым судом.

С. Горкі

1 камэнтар