Друкаваць гэтую старонку
Серада, 04 Май 2016

Актывісты ініцыятывы «Хайсы» намагаюцца даведацца праўду пра сталінскія рэпрэсіі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

29 красавіка сябры аргкамітэту па стварэньні грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» правялі сваё чарговае паседжаньне. Ян Дзяржаўцаў, як кіраўнік ініцыятывы, пазнаёміў аднадумцаў з працай, праведзенай за два апошнія месяцы.

Як ён патлумачыў, створаная пры выканаўчым камітэце Віцебскага раёну адмысловая камісія, якая мусіць вырашыць лёс чалавечых парэшткаў, знойдзеных у лесе на поўнач ад вёскі Хайсы, працуе марудна, таму за люты і сакавік з боку ініцыятывы былі зробленыя некалькі запытаў у шэраг дзяржаўных інстанцыяў. Нагадаем, што ініцыятыва ставіць за мэту выяўленьне месцаў масавых рэпрэсіяў і наданьне ім статусу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

У сваіх запытах ва Ўпраўленьне КДБ па Віцебскай вобласці заяўнікі прасілі паведаміць пра наяўнасьць дакумэнтаў, якія зьмяшчаюць зьвесткі пра месцы расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1930-х – 1941 гг. у ваколіцах вёсак Хайсы і Дрыкольльле (першы зварот), а таксама і на тэрыторыі ўсяго Віцебскага раёну (другі зварот). Як высьветлілася, дадзеныя пра месцы пахаваньняў часоў палітычных рэпрэсіяў у архівах ведамства адсутнічаюць.

Трэці зварот, які стаў лягічным працягам двух папярэдніх, быў зроблены адносна наяўнасьці дакумэнтаў, датычных тэрыторыі ўсёй Віцебскай вобласьці і гораду Віцебску. І які, думаеце, атрымалі адказ? Правільна: зьвесткі пра месцы масавых пахаваньняў рэпрэсаваных ва ўсім Віцебскім рэгіёне, і ў Віцебску ў прыватнасьці, адсутнічаюць.

Наступны запыт быў зроблены ў КДБ Рэспублікі Беларусь. Адказ менскіх чэкістаў не дадаў нічога новага: згодна зь ім, ніякай інфармацыі пра месцы пахаваньняў рэпрэсаваных у Віцебскім раёне сталічныя архівы не зьмяшчаюць. Выходзіць, што за дваццаць гадоў адноснай незалежнасьці ведамства нават не парупілася высьветліць гэтакую важную для выяўленьня гістарычнай праўды інфармацыю. У тое, што гэта насамрэч так, Ян Дзяржаўцаў ня верыць. «Мая думка, што гэта  хлусьня», – заяўляе кіраўнік ініцыятывы.

Пасьля адмовы Віцебскага райвыканкаму выдаць копію справаздачы па выніках леташняй дзейнасьці пошукавага батальёну у лясным масіве ля вёскі Хайсы, у лютым 2016 году актывісты ініцыятывы зрабілі аналягічны запыт непасрэдна да камандзіра 52-га асобнага спэцыялізаванага пошукавага батальёну в/ч 28443 А. Трубекі. Адказаў на гэты запыт выконваючы абавязкі камандзіра вайсковай часткі маёр І. Косьцін. У сваім адказе ён адзначыў, што акт аб завяршэньні палявых пошукавых работ знаходзіцца ў Віцебскім раённым выканаўчым камітэце, у які і прапанаваў зьвярнуцца заяўніку.

Такім чынам, атрымалася зачараванае кола: райвыканкам змушае актывістаў зьвяртацца непасрэдна да камандаваньня вайсковай часткі, а вайскоўцы адсылаюць заяўніка назад у райвыканкам. 

Не дапамагла нешта высьветліць і скарга на адмову даць інфармацыю камандзірамі вайсковай часткі ва Ўпраўленьне па ўшанаваньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў. Адказ на гэтую скаргу прыйшоў з Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны, якое дзеяньні в.а. камандзіра в/ч 28443 прызнала правамернымі. Прычым, як запэўніваюць ідэолягі, права заяўніка на атрыманьне інфармацыі не было парушанае.

Пры канцы доўгага бюракратычнага адказу ідэолягі Мінабароны робяць агучаную ўжо ня раз выснову пра нібыта відавочную сувязь пахаваньня пад Хайсамі з пэрыядам Другой сусьветнай вайны. Відаць, гэтая мантра, якая паўтараецца ў газэтных публікацыях ды афіцыйных адказах, зьяўляецца асноўнай вэрсіяй ўладаў.

Аналізуючы рэакцыю на дасланыя звароты розных ведамстваў разгалінаванай дзяржаўнай машыны, Ян Дзяржаўцаў прыйшоў да заключэньня, што дзеля захаваньня сваёй бясьпекі ўлада любымі сродкамі будзе стрымліваць дзейнасьць незалежных грамадзкіх ініцыятываў. Бо гэтая дзейнасьць, на думку прадстаўнікоў улады, падрывае аўтарытэт дзяржаўных інстытутаў і можа справакаваць падвышэньне грамадзянскай актыўнасьці насельніцтва і нават спрычыніцца да зьмены цяперашняга палітычнага ладу. Дзейнасьць у такіх неспрыяльных умовах вымагае ад сяброў ініцыятывы «Хайсы» асаблівай настойлівасьці і высілкаў, зазначыў грамадзкі актывіст.

С. Горкі