Друкаваць гэтую старонку
Субота, 28 Лістапад 2026

На аўкцыён ужо 6-ты раз выставілі маёмасць завочна асуджанага наваполацкага актывіста Андрэя Зуева

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Па заканадаўстве, калі першапачатковы кошт зніжаюць 4 разы, але аўкцыёны ўсё адно не адбываюцца, арыштаваную маёмасць або забірае дзяржава, або з яе павінны зняць арышт і вярнуць уласніку.  Але ў дадзеным выпадку пайшло па іншым сцэнары. Чаговы аўкцыён, абвешчаны на пляцоўцы «БелЮрОбеспечение», мае адбыцца 15 снежня. 

На продаж выстаўлена лецішча сям’і Зуевых, дзе адна палова належыць Андрэю, а другая – ягонай жонцы Таццяне. Пачатковы кошт адной часткі маёмасці – 560 рублёў. Роўна за столькі ж кожную палову лецішча ў садовым таварыстве “Хімік-1” пад Наваполацкам прапаноўвалі набыць сёлета ў лютым, у часе мінулага, 5-га аўкцыёну. Падчас самай першай спробы продажу (яшчэ ў 2025 годзе) кожная доля ўласнасці была ацэнена ў 2800 рублёў. Потым кошты паступова зніжаліся, аднак ахвотных набыць маёмасць Зуевых дагэтуль не знайшлося.

У 2020 г. Андрэя Зуева прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці нібыта «за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах» - за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім і за ўдзел у перадвыбарчым пікеце па зборы подпісаў за незалежных кандыдатаў. У 2024 г. актывіст быў завочна асуджаны да 7 з паловай гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і да вялікіх матэрыяльных выплат, якія плануюць кампенсаваць за сродкі ад прададзенага лецішча. Актывіста прызналі вінаватым паводле 4-х артыкулаў КК РБ, у тым ліку за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. Зараз ён жыве ў вымушанай эміграцыі і абвешчаны ў міжнародны вышук.

Днямі ў вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі абвясцілі і жонку актывіста Таццяну Зуеву.

Ларыса Варункевіч