Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 26 Лістапад 2026

На Віцебшчыне пачалі змагацца супраць “злоўжыванняў свабодай слова”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Шаркаўшчынская “раёнка” пацвердзіла, што да аўтараў “праблемных” паведамленняў у TikTok сапраўды прыходзіць міліцыя. І вельмі своеасабліва патлумачыла мэту гэтых візітаў 

Паводле газеты “Кліч Радзімы”, сапраўды існуе “новая практыка”, калі супрацоўнікі органаў унутраных спраў наведваюць аўтараў відэаролікаў у TikTok, якія публічна агучваюць бытавыя, камунальныя або сацыяльныя праблемы. Такім чынам, сцвярджае раённая газета, “дзяржава выбудоўвае прамы дыялог з грамадзянамі там, дзе ім зручна гаварыць, — у лічбавым асяроддзі, адначасова вяртаючы вырашэнне пытанняў у канструктыўнае прававое рэчышча”.

Маўляў, здарылася так, што сёння “сучасныя тэхналогіі змянілі спосабы камунікацыі паміж грамадствам і ўладай”. Таму многія грамадзяне аддаюць перавагу таму, каб запісаць кароткае відэа пра яму на дарозе, неасветлены двор або перабоі ў працы службаў замест таго, каб пісаць папяровую заяву.

Тым часам у міліцыі “манітораць” інтэрнэт- у асноўным шукаючы “экстрэмісцкія матэрыялы”, але часам заўважаюць “патэнцыйную праблему”. У такім выпадку наступны візіт участковага інспектара або іншага супрацоўніка міліцыі дазваляе
-аператыўна праверыць інфармацыю на месцы;
-высветліць, ці патрэбна чалавеку рэальная дапамога або садзейнічанне ў перадачы сігналу кампетэнтным органам (напрыклад, у выканкам або службы ЖКГ);
-прадухіліць эскалацыю канфлікту і зняць сацыяльную напружанасць.

Тады, паводле шаркаўшчынскай “раёнкі”, публікацыя ў TikTok не застаецца проста безадраснай скаргай: праз візіты міліцыі  “дзяржава паказвае, што чуе грамадзян незалежна ад абранай імі пляцоўкі”.

Газета сцвярджае, што падчас такіх візітаў міліцыянты тлумачаць людзям, што іх відэаролікі не замяняюць афіцыйных зваротаў і даюць парады, куды найлепш звярнуцца “па адрасе”.  Аднак праваабаронцы валодаюць інфармацыяй, што пасля такіх візітаў у аўтараў зваротаў забіралі аргтэхніку, а самі звароты былі выдалены з TikTok. Часам не вядомым застаецца і далейшы лёс людзей: так, аўтарка відэаролікаў з Дуброўна, дзе яна прасіла сына вярнуцца з расійскай арміі і не ісці ваяваць з Украінай, увогуле больш нічога не размясціла ў сваім канале з самага таго дня, як гэтыя ролікі былі выдалены.

Газета “Кліч Радзімы” тлумачыць і такі варыянт падзей: калі міліцыянты заўважаюць “эмацыйныя перабольшанні, распаўсюджванне чутак або неправераных фактаў, якія могуць ганьбіць рэпутацыю канкрэтных службовых асоб, арганізацый або грамадзян”, то могуць наступіць і карныя наступствы за... “злоўжыванне свабодай слова”.

Лявон Бурбон