Да 25 верасня абнаўленні ў "спісе экстрэмістаў" з'яўляліся штотыдзень - іх публікавалі на сайце МУС і ў адмысловым Telegram-канале «Экстремисты Беларуси». Аднак апошняе абнаўленне знікла з сйта ведамства 28 верасня, а яшчэ праз 10 дзён там з'явілася абвестка пра нібыта "тэхнічныя прычыны", па якіх недасяжныя "экстрэмісцкія" спісы.
"Віцебская вясна" сочыць за развіццём падзеяў вакол зачакрэчваннем звестак пра "экстрэмістаў" з самага пачатку, і літаральна ўчора мы канстатавалі, што "тэхнічныя" праблемы цягам месяца так і не вырашаны.
Між тым, такая сітуацыя дэманструе сур’ёзныя парушэнні заканадаўства з боку МУС. Бо Пастанова Савета Міністраў № 575 ад 12.10.2021 г. «Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» вызначае, што судовыя акты – прысуды па “экстрэмісцкіх” артыкулах і рашэнне пра прызнанне “экстрэмісцкімі фармаваннямі” - павінны быць дасланыя ў міністэрства у трохдзённы тэрмін з моманту ўступлення іх у сілу. Рашэнні КДБ — у трохдзённы тэрмін з моманту прыняцця.
МУС павінна ўносіць звесткі ў адпаведны «экстрэмісцкі» спіс у той самы дзень, як атрымае дакумент. А калі рашэнне прымае само МУС — у дзень прыняцця гэтага рашэння. Абноўлены спіс мусіць быць апублікаваны на афіцыйным сайце МУС на працягу пяці дзён з моманту ўнясення ў яго звестак.
Аднак МУС не толькі не знайшло іншых шляхоў, каб зрабіць гэтую інфармацыю агульнадаступнай, але і знішчыла яшчэ адну крыніцу, дзе яе можна было публікаваць. «Замест старога канала з’явіўся новы — extremistybelarus, але пакуль там толькі адзін допіс з заклікам пераходзіць у іншы Telegram-канал», — заўважылі праваабаронцы. Прычым спасылкі на гэты рэсурс выглядаюць досыць падазрона, і няма пэўнасці, ці створаны гэтыя Telegram-каналы афіцыйнымі структурамі.
Засакрэчыанне інфармацыі пра асобаў з "экстрэмісцкага спісу" не толькі адвольна абмяжоўвае доступ да звестак, якія паводле заканадаўства з’яўляюцца публічнымі, але і стварае парушае правы тых, хто хацеў бы абскардзіць свой статус “экстрэміста” – зрабіць гэта можна толькі цягам месяца з дня ўнясення ў адпаведны спіс. У выпадку, калі такой інфармацыі публічна няма, гэтае права фактычна не можа быць рэалізаванае.
Вераніка Шукель