Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Лістапад 2026

У міжнародны вышук абвясцілі музыку Сяргея Доўгушава, ураджэнца Аршаншчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Яго імя і прозвішча з’явіліся ў базе вышуку 13 лістапада, але ў ёй не пазначана, за якія правіны шукаюць вядомага спевака, музыку, ініцыятара “Спеўных сходаў”, папулярызатара народнай культуры  і грамадскага актывіста. Вядома толькі адно: яго падалі ў вышук на запыт МУС. Унясенне ў міжнародную базу вышуку азначае, што чалавека могуць затрымаць у Расіі і Беларусі, іншых дзяржавах-удзельніцах СНД, а таксама выдаць з тых краін, якія падтрымліваюць беларускі рэжым.

Сяржук Доўгушаў нарадзіўся ў вёсцы  Новае Тарчылава ў Аршанскім раёне. У 2010 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі  і стаў салістам Белдзяржфілармоніі. У 2018 годзе атрымаў стыпендыю Міністэрства культуры Польшчы Gaude Polonia і паўгода жыў у Варшаве, вывучаючы колавую ліру пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Дахліга. У 2020–2021 гадах вучыўся ў магістратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе напісаў магістарскую працу пра колавую ліру ў гісторыі Беларусі. З гэтага даследавання вырасла кніга «Ліра і лірніцтва ў беларускай культуры».

Ён грае больш чым на 20 народных духавых інструментах і на колавай ліры, піша музыку, папулярызуе беларускі фальклор – выдае кнігі і стварае спеўныя гурты ў замежжы. З лекцыяй-канцэртам пра беларускую народную культуру ён аб’ехаў штаты ЗША, Канаду і еўрапейскія сталіцы.

У жніўні 2022 года Сяржук Доўгушаў заснаваў у Варшаве арт-рэзідэнцыю «Дом творцаў» — праект, накіраваны на псіхалагічную рэабілітацыю і творчую падтрымку беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва. Напрыканцы 2025 года ў Варшаве ён адкрыў яшчэ і шэлтар для вызваленых палітвязняў. 9 лістапада Доўгушаў паведаміў пра закрыццё абодвух праектаў, патлумачыўшы, што яго не стае на іх падтрыманне і што ён хоча больш часу прысвячаць сабе і сям’і.

Максім Дубіна