Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 09 Кастрычнік 2026

“Сезоннае перавыхаванне” – у самым разгары

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Яшчэ ніколі прыцягненне да “добраахвотнай” працы асобаў, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, не было такім інтэнсіўным. Тых, хто стаіць на ўліку ў КВІ, выкарыстоўваюць у якасці дворнікаў, якіх на Віцебшчыне бракуе катастрафічна. А на двары восень, пад нагамі апалае лісце, і прыбіраць яго няма каму. З гэтай нагоды ў розных рэгіёнах Віцебшчыны “успомнілі” пра бясплатную працоўную сілу.

“Падуліковых грамадзян” спачатку выклікалі на гутарку пра неабходнасць весці законапаслухмяны лад жыцця, а потым давалі ў рукі граблі і мяцёлкі. Мерапрыемства рабілі “комплексным”, таму праслухаць “тэарэтычную частку” і пайсці дахаты было нельга.

Такім чынам толькі з першых дзён кастрычніка “сацыялізавалі” тых, хто стаіць на ўліку ў КВІ, у Шумілінскім, Расонскім, Чашніцкім, Полацкім, Дубровенскім, Аршанскім раёнах. А таксама ў Віцебску, дзе “падуліковых” асобаў накіравалі прыбіраць лісце ў гарадскім заапарку, і ў Мёрах – там працы было больш за ўсё, бо райцэнтр рыхтавалі да абласных “Дажынак”.

Удзел у падобных  мерарпрыемствах для тых, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, - справа абавязковая. І “добраахвотная” праца ў тым ліку.  Інакш  іх наступае адказнасць паводле арт. 24.3 КаАП – за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, і за гэта чакае пакаранне – ад штрафа да прымусовых прац і нават арышта.

Сяргей Анікеенка