Друкаваць гэтую старонку
Субота, 26 Верасень 2026

У Оршы стварылі чарговы вайскова-патрыятычны клуб. Цяпер іх 26

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Нават школ у горадзе са 100-тысячным насельніцтвам меней – усяго 24 (разам з навучальнымі ўстановамі суседніх гарадкоў Барані і Балбасава). У “шырокім асартыменце” вайскова-патрыятычных клубаў прадстаўлены практычна ўсе сілавыя структуры, а таксама шэраг  вайсковых падраздзяленняў, якія ўзялі “шэфства” над школьнікамі.

Так, клуб «Витязь» дзейнічае пад патранажам в/ч 5524 Унутраных войскаў МУС, Клуб «Прометей» - пры садзеянні  Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, «Феникс» адккрыты дзеля супрацы з 407-й гвардзейскай артылерыйскай групай, «Зубр» арганізаваны пад эгідай Аршанскага РУУС і АМАПа МУС Віцебскага аблвыканкама...

 26-ты вайскова патрыятычны клуб, створаны пры сярэдняй школе №20,   назвалі “Доблесть”. Яго “шэфы” – Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта РБ.  Для першых 10-ці ўдзельнікаў-старшакласнікаў пашылі форму з адпаведнай сімволікай і ўзял з іх клятву, у якой дзеці паабяцалі “следовать примеру героев прошлого». На цырымонію традыцыйна запрасілі прадстаўнікоў раённай улады і праваслаўнага святара.

Сёлета ў траўні ў Оршы правялі першы злёт удзельнікаў вайскова-патрыятычных клубаў пад назвай «Служить Отечеству готов!». Арганізавалі яго супольна раённы аддзел адукацыі, ваенкамат, першы асобны стралковы батальён в/ч 5524. Для падлеткаў правялі спаборніцтвы па пераадоленню паласы перашкод, кіданню гранаты і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі – гэта ўжо класічны набор па “выхаванні патрыятызму”, як любяць паўтараць прыхільнікі мілітарызацыі беларускіх школьнікаў.

Валянціна Сысоева