Гімназістаў сустракаюць двое міліцыянтаў і дзяжурны настаўнік у якасці афіцыйнага прадстаўніка непоўнагадовага. Маўляў, яго прысутнасць стварае “псіхалагічна бяспечную атмасферу”, асабліва для вучняў малодшых класаў. Так, даглядаюць усіх, незалежна ад узросту і нават ад таго, што гімназія №1 лічыцца элітнай навучальнай установай у Віцебску!
Вучань абавязаны асабіста расшпіліць пляцак або сумку, міліцыяны пасвецяць унутр ліхтарыкам і агледзяць змесціва. Калі нешта падасцца падазроным, папросяць вынуць рэчы для больш пільнага агляду. Як сцвярджае начальнік віцебскага абласнога упраўлення Дэпартамента аховы Сяргей Мурашкін, агляд праводзіцца не татальна, а вябарачна, бо міліцыянты ведаюць, на каго з вучняў варта звярнуць асаблівую ўвагу. Паводле якіх крытэрыяў выяўляюць “нядобранадзейных”, не паведамляецца. Як сцвярджае прадстаўнік ведамства, пасля 1-га верасня ў віцебскіх школьнікаў было выяўлена некалькі вэйпаў і электронных цыгарэт.
Святлана Гудкова