Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 21 Жнівень 2026

Наваполацкая міліцыя патрабуе, каб беспрацоўныя ўладкоўваліся ў сельгасарганізацыі. Але людзі адмаўляюцца

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У міліцыі вырашылі загнаць асобаў, якія стаяць на ўліку, на працу ў сельскай гаспадарцы. На практыцы гэта выглядала так: беспрацоўнага, які стаіць на ўліку, да прыкладу, у Крымінальна-выканаўчай інспекцыі, выклікалі на “прафілактычную гутарку” у ГАУС і пасля “выхаваўчай працы” змушалі падпісаць дамову падраду з канкрэтнай гаспадаркай. Такім чынам на час уборачнай кампаніі меркавалася забяспечыць сельгасарганізацыі дадатковымі кадрамі.

Але спадзевы не апраўдаліся: было заключана 16 працоўных дамоваў, аднак яшчэ 13 чалавек праігнаравалі прапанову працы. Іх пакаралі “за неявку по неуважительной причине на мероприятия, направленные на трудоустройство” паводле арт. 24.3 КаАП - Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў.

У дадзенай сітуацыі відавочна, што  міліцыя выкарыстоўвае свой статус для закрыцця кадравых дзірак у сельскай гаспадарцы. Прычым адбываецца прававая падмена: прымус да заключэння працоўных дамоў маскіруецца пад выкананне прафілактычнага нагляду. У выніку прынцып свабоды працы замяняецца абавязкам, а законнае права чалавека адмовіцца ад непажаданых працоўных адносін штучна ператвараецца ў склад адміністрацыйнага правапарушэння — непадпарадкаванне службовай асобе.

Між тым, прымусовая праца і прымусовае працаўладкаванне цалкам супярэчаць афіцыйнаму заканадаўству Беларусі, і гэты прынцып замацаваны на найвышэйшым заканадаўчым узроўні. Згодна з часткай 4 артыкула 41 Канстытуцыі, прымусовая праца ў краіне катэгарычна забараняецца. Грамадзянам гарантуецца права на свабодны выбар прафесіі, роду заняткаў і працы.  Артыкул 13 Працоўнага кодэкса таксама зацвярджае забарону прымусовай працы.

Руслан Махееў