Друкаваць гэтую старонку
Субота, 15 Жнівень 2026

На Віцебшчыне хочуць “затрымаць моладзь на сяле” за дадатковыя 600 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі аблсавет прыняў рашэнне павялічыць штомесячныя выплаты маладым спецыялістам, якія працуюць у сельскай гаспадарцы. Такія выплаты маладыя людзі на працягу першых трох гадоў працы атрымліваюць з абласнога бюджэту, і раней сума складала 1 тысячу рублёў. Цяпер будзе 1 600. Аднак разлічваць на даплату змогуць толькі тыя маладыя спецыялісты, якія заключылі працоўныя кантракты не менш як на 5 гадоў.

1 600 рублёў, паводле рашэння аблвыканкама, з 1 верасня змогуць атрымліваць выпускнікі адпаведных установаў адукацыі, які скончылі навучанне ў 2020 годзе і пазней.  Апроч таго, пашырана кола атрымальнікаў бюджэтнай падтрымкі: раней прыбаўку да зарплаты мелі выпускнікі па спецыяльнасцях «Ветэрынарная медыцына» і «Заатэхнія», то з 1 верасня 2026 года вызначана такіх спецыяльнасцяў будзе 11, у тым ліку «Аграномія», «Аграхімія і глебазнаўства», «Тэхнічны сэрвіс у аграпрамысловым комплексе».

На пачатак года недахоп  заатэхнічных і ветэрынарных спецыялістаў у вобласці  склаў 20 % ад штатнай колькасці, механізатараў — 17 %. Больш за 420 вакансій заставаліся не запоўненымі больш за год. Гэтыя лічбы дылі агучаны ў красавіку гэтага года ў пракуратуры Віцебскай вобласці - там адбылася каардынацыйная нарада па праблеме замацавання маладых кадраў у сельскагаспадарчых арганізацыях рэгіёна. Вострай праблемай засталася адсутнасць цікавасці ў абітурыентаў да спецыяльнасцей «заатэхнія» і «ветэрынарная медыцына», што пацвердзілася недаборам у профільную ВНУ. Гэта наўпроста тлумачыцца нізкімі заробкамі. Так, ААТ “Агравідзы” (Браслаўскі раён) прапануе працу ветурачу з вышэйшай адукацыяй за 1200 -2000 руб. (“бруднымі”), а ў ААТ “Рубежніца” (Лёзненскі раён) спецыялісту з сярэдняй ветэрынарнай адукацыяй абяцаюць заробак 1300-1500 руб. (“бруднымі”).

Да таго ж на нарадзе ў пракуратуры было адзначана, што кіраўнікі не паўсюль выплочвалі маладым спецыялістам нават па 1 тысячы грашовай “стымуляцыйнай” дапамогі, ад маладых людзей былі зафіксаваны нараканні на нездавальняючыя ўмовы працы і быту, празмерную нагрузку і адсутнасць выхадных – з вясны па восень працаваць даводзілася штодзень па 10-12 гадзін.

Раман Кур'янаў