Найперш зазаначым, што ануляванне беларускага пашпарту і пазбаўленне беларускага грамадзянства – зусім не адно і тое самае.
Ануляванне пашпарта — гэта тэхнічнае або адміністрацыйнае рашэнне ўладаў прызнаць канкрэтны бланк пашпарта несапраўдным. Чалавек застаецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, у яго захоўваюцца ўсе канстытуцыйныя правы і абавязкі, але ён губляе дакумент, які пасведачbase асобу ўнутры краіны або за мяжой. Гэта часта выкарыстоўваецца як мера ціску ў дачыненні да апазіцыі і палітвязняў (напрыклад, прымусова дэпартаваных з краіны).
Пазбаўленне грамадзянства — гэта афіцыйнае спыненне прававой сувязі паміж чалавекам і дзяржавай на падставах, прапісаных у Законе Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Калі чалавек перастае быць грамадзянінам Беларусі, у яго цалкам знікаюць палітычныя і сацыяльныя правы, звязаныя з гэтай дзяржавай (права на ўезд без візы, удзел у выбарах і г.д.).
Аўтар артыкула ў Шаркоўшчынскай раёнцы (дарэчы, яго прозвішча не ўказана) навязвае чытачам ўласнае разумення панятка “грамадзянства”. Маўляў, гэта “негласный социальный договор, который базируется на лояльности. Когда обладатель паспорта переходит черту закона — публично одобряет вооруженные нападения на свою родину, призывает к разрушительным санкциям или участвует в экстремистских формированиях, — он фактически сам разрывает эту правовую связь. Утрата гражданства в таком случае становится не «наказанием ради наказания», а логичной юридической констатацией факта: человек отказался от своих обязательств перед государством, следовательно, взаимность разрушена”.
Гэтае непісьменнае меркаванне аспрэчвае Аляксандр, праваабаронца ПЦ “Вясна”:
“Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» разглядаюць грамадзянства як устойлівую прававую сувязь чалавека і дзяржавы, а не як пагадненне, заснаванае на палітычнай лаяльнасці. Парушэнне закона можа пацягнуць за сабой крымінальную адказнасць, але само па сабе не азначае, што чалавек «адмовіўся» ад свайго грамадзянства.
Артыкул 10 Канстытуцыі Беларусі гарантуе грамадзянам абарону і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі краіны, так і за яе межамі, а таксама замацоўвае, што ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Разам з тым Канстытуцыя прадугледжвае, што набыццё і спыненне грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам. Таму ключавое пытанне сёння палягае не ў палітычных ацэнках «лаяльнасці», а ў тым, як менавіта прымяняецца Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» і ці захоўваюцца пры гэтым канстытуцыйныя гарантыі і міжнародныя стандарты, якія забараняюць самавольнае пазбаўленне грамадзянства”.
Дзяржаўная газета таксама праводзіць паралелі з Вялікабрытаніяй, Францыяй і іншымі краінамі, дзе існуюць механізмы спынення грамадзянства. Аднак такое параўнанне не адлюстроўвае ўсіх юрыдычна значных акалічнасцей. У большасці дэмакратычных дзяржаў падобныя меры прымяняюцца ў выключных выпадках, як правіла, звязаных з тэрарызмам, суправаджаюцца сур'ёзнымі судовымі гарантыямі і не павінны прыводзіць да самавольнага пазбаўлення грамадзянства.
Юрыст Вікторыя Машэй тлумачыць:
«Важна адрозніваць крымінальнае пакаранне і спыненне грамадзянства. Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае страту грамадзянства як від пакарання. Гэтая мера рэгулюецца артыкулам 19 Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» і прымяняецца пры наяўнасці прадугледжаных законам падстаў. Пры гэтым сам артыкул распаўсюджваецца не на ўсіх грамадзян аднолькава, а на пэўныя катэгорыі асоб і пры захаванні дадатковых умоў. Таму сцвярджэнне, што грамадзянін аўтаматычна «губляе грамадзянства» за экстрэмісцкае злачынства, з'яўляецца занадта спрошчаным».
Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што артыкул 15 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека замацоўвае права кожнага чалавека на грамадзянства і прама забараняе яго самавольнае пазбаўленне. Менавіта таму пры ацэнцы падобных механізмаў важна ўлічваць не толькі наяўнасць адпаведнай нормы ў заканадаўстве, але і тое, наколькі дакладна вызначаны падставы яе прымянення, забяспечаны судовыя гарантыі і выключана магчымасць самавольных рашэнняў.
У канцы 2022 года парламент ухваліў, а ў студзені 2023 года Лукашэнка падпісаў закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», які дазволіў пазбаўляць грамадзянства (у тым ліку набытага па нараджэнні) за «экстрэмісцкую дзейнасць» асоб, якія знаходзяцца за мяжой. Улетку 2024 года праваабаронцы зафіксавалі выпадак прымянення гэтага механізма ў дачыненні да беларускага актывіста. Колькі ўвогуле было падобных выпадкаў, шырока не паведамляецца.
Праваабаронцы рэкамендуюць уважліва сачыць за зменамі заканадаўства, захоўваць дакументы, якія пацвярджаюць грамадзянства, а пры рызыцы крымінальнага пераследу або атрыманні інфармацыі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы своечасова звяртацца па кансультацыю да незалежных юрыстаў і праваабаронцаў.
Людміла Несцяровіч