Аўтар Яўген Карпас скардзіцца на заўважаныя ім у Threads «абразліва-хамскія і фэйкавыя каментары». Але яго турбуе не тон зносін з суразмоўцамі і апанентамі, а рэакцыя інтэрнэт-карыстальнікаў на апісаныя падзеі. Нездарма ў ягоным артыкуле са спасылкай на пракурора абласной пракуратуры Сняжану Сазонаву згадваецца артыкул КК РБ пра адказнасць за абразу прэзідэнта і членаў яго сям’і.
Замест выхавання «добрага тону» аўтар адразу пераходзіць да «фэйкаў» — «заведомо ложных сведений о политическом, экономическом, социaльном, военном или международном положении Беларуси, правовом положении граждан, деятельности госорганов, Вооруженных Сил Беларуси, других войск и воинских формирований». І нагадвае, што за гэта таксама прадугледжана пакаранне, у тым ліку зняволеннем на тэрмін да 4 гадоў. Пры гэтым разуменне “фэйкаў” у аўтара вельмі шырокае, і яно ўключае не проста банальную хлусню – сюды ж ён адносіць спробы рэабілітацыі нацызму, распальванне варожасці і варажнечы і нават распаўсюд інфармацыі з крыніц, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрмісцкіх матэрыялаў.
Інакш кажучы, пад прыкрыццём клопату пра «ветлівасць» і барацьбу з «фэйкамі» дзяржаўныя медыя фактычна працягваюць кампанію па запалохванні грамадзян. Падобныя публікацыі выкарыстоўваюцца як інструмент псіхалагічнага ціску, каб прымусіць людзей да самацэнзуры нават у новых, яшчэ не цалкам падкантрольных уладам сацсетках. Спасылкі на крымінальныя артыкулы за абразу кіраўніка дзяржавы і распаўсюд альтэрнатыўнай інфармацыі дэманструюць, што рэальнай мэтай з’яўляецца не выхаванне культуры зносін, а поўнае вынішчэнне іншадумства і грубае парушэнне канстытуцыйнага права на свабоду выказвання меркаванняў.
Ганна Шумякова