Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 16 Ліпень 2026

Стаў вядомы прысуд экс-памочніку Лукашэнкі па Віцебскай вобласці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

 Ігара Брыло асудзілі па знакамітай “малочнай справе”, якая пачалася ў лістападзе 2023 года. Суд пачаўся толькі ў верасні 2025‑га і скончыўся тры месяцы таму. Як стала вядома «Нашай Ніве», Ігар Брыло атрымаў 12 гадоў пазбаўлення волі — столькі і прасіў пракурор. Але мала хто з топ-чыноўнікаў цалкам дасіджвае свой тэрмін. У лукашэнкаўскай сістэме распаўсюджана практыка вызваляць іх датэрмінова і адпраўляць кіраваць гаспадаркамі.

Два з паловай гады таму па “малочнай справе” затрымалі таксама амаль усё сямейства кіраўніка «Бабулінай крынкі» Генадзя Скітова, уключна з ім самім, а таксама менеджмент холдынга. Паводле версіі следства , Скітовы пры спрыянні Брыло быццам бы разгарнулі на дзяржаўнай «Бабулінай крынцы» сістэму, пры якой штучна стваралася затаваранасць складоў, што дазваляла для іх разгрузкі адпускаць прадукцыю па ніжэйшай цане. Потым гэтае ў рэальнасці добрае малако і іншая прадукцыя па дэмпінгавых цэнах адгружалася на фірмы-пасярэднікі, якія прадавалі тавар у Расіі па рэальнай цане. А розніца, адпаведна, дзялілася паміж удзельнікамі схемы. Брыло актыўна супрацоўнічаў са следствам, а Скітоў адмовіўся даваць паказанні. У сувязі з гэтым працэс расследавання моцна зацягнуўся, піша “Наша Ніва”. 

Паводле выдання, у  выніку Генадзя Скітова асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі. Таксама пад суд па гэтай справе трапілі
— Віктар Скітаў, сын Генадзя Скітава, дырэктар філіяла «Мінскі» «Бабулінай крынкі».
— Арцём Зубель, першы намеснік дырэктара «Бабулінай крынкі», сын былога намесніка начальніка шчучынскай міліцыі.
— Галіна Ціцянкова, намесніца дырэктара «Бабулінай крынкі», пасля ўзначаліла гаспадарку «Новая Друць» у Бялыніцкім раёне.
— Аляксей Драніца, начальнік аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці «Бабулінай крынкі». 
— Дзяніс Ліннік, дырэктар філіяла «Асіповіцкі» «Бабулінай крынкі», былы начальнік Барысаўскага РУУСа.
— Сяргей Петражыцкі, дырэктар «Віцебскмясмалпрама».
— Уладзімір Сіруць, «галоўны сябар» Генадзя Скітава, кіраўнік шэрагу афіліяваных кампаній.
— Сяргей Качанаў, дырэктар віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты»
— «Нікалаевіч М. В». — поўны цёзка Міхаіла Валянцінавіча Нікалаевіча, былога намесніка старшыні праўлення «Тэхнабанка» і намесніка дырэктара салігорскага футбольнага «Шахцёра».
— Уладзімір Лісіцын, заснавальнік «БелАграГен Беларусь».

Яшчэ пра пяць чалавек дакладна невядома, чым яны займаліся на свабодзе - гэта А. Чарняк, А. Яшчанка, Г. Кіракасян, А. Сабалькоў, А. Панкоў.

Фігуранты праходзілі па 12 артыкулах крымінальнага кодэксу: 

  • Артыкул 430 ч. 2 — атрыманне хабару, ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі;
  • артыкул 426 ч. 3 — перавышэнне ўлады пры цяжкіх наступствах, ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі;
  • артыкул 430 ч. 3 — атрыманне хабару, ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі;
  • артыкул 209 ч. 1 — махлярства, штраф, грамадскія работы, арышт альбо абмежаванне волі да 3 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 3 гадоў;
  • артыкул 431 ч. 3 — дача хабару, ад 5 да 10 гадоў пазбаўлення волі;
  • артыкул 426 ч. 2 — перавышэнне ўлады, ад 2 да 6 гадоў пазбаўлення волі;
  • артыкул 424 ч. 2 — злоўжыванне ўладай, ад 2 да 6 гадоў пазбаўлення волі;
  • артыкул 431 ч. 1 — дача хабару, штраф, выпраўляльныя работы да 2 гадоў, арышт або абмежаванне волі да 2 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 5 гадоў;
  • артыкул 424 ч. 3 — злоўжыванне ўладай, ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі;
  • артыкул 210 ч. 4 — махлярства ў асабліва буйным памеры або арганізаванай групай, ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй;
  • артыкул 432 ч. 2 — пасрэдніцтва ў хабары, арышт або абмежаванне волі да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 6 гадоў;
  • артыкул 210 ч. 3 — махлярства ў буйным памеры, ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

    На Віцебшчыне Ігара Брыло памятаюць як аўтара парадаксальнага выказвання пра тое, чаму няшмат людзей звяртаюцца са сваімі праблемамі на сустрэчы з дэпутатамі і з ім асабіста. Маўляў, гэта паказнік таго, што ў рэгіёнах усё добра, бо мясцовыя ўлады рпрацуюць на "выдатна".