Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 08 Чэрвень 2026

Вучняў 7-8 класаў накіравалі працаваць дворнікамі і ў сельскай гаспадарцы Бешанковіцкага раёна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Раённая газета “Зара” апублікавала з гэтай нагоды бравурны артыкул пра тое, як падлеткі  “станут живыми системами точного земледелия”, займаючыся праполкай і дапамогуць работнікам  ЖКН “привести в порядок газоны, дорожки и площадки возле домов”. Намесніца начальніка раённага аддзела адукацыі падкрэслівае, што такія віды дзейнасці для 12-14-гадовых школьнікаў уводзяцца ўпершыню, і што гэта верне “трудовому воспитанию его исконный смысл”, стане для падлеткаў «экзаменом на прочность». Але наколькі ўсё гэта законна, і што стаіць за гучнымі словамі? Пра гэта разважае юрыст і праваабаронца Алег Мацкевіч, які даўно вывучае праблему прымусовай працы ў Беларусі.

- Артыкул у раёнцы называецца “Труд облагораживает: как бешенковичские школьники помогут аграриям и ЖКХ”. Ужо сама назва выклікае  дзіўныя асацыяцыі з працэсам прымусовага перавыхавання нейкіх непаўнавартасных асобаў. А як у вас, Алег? 

- Назва публікацыі ў бешанковіцкай газеце выклікае ў мяне нядобрыя асацыяцыі з гістарычным мінулым. Ці можа “авысакароджваць” школьнікаў праца, якая  падаецца аўтарам матэрыялу як “не проста летняя працоўная практыка, а сапраўдная місія па падтрымцы рэальнага сектара эканомікі”?

Паводле міжнародных стандартаў дзіцячая праца і працоўная практыка могуць дапускацца, калі яны адпавядаюць узросту дзіцяці, не шкодзяць яго здароўю і развіццю, не перашкаджаюць адукацыі і служаць перадусім адукацыйным і выхаваўчым мэтам дзіцяці, а не выключна гаспадарчым інтарэсам працадаўцы або дзяржавы.

- Па тым, як гэта пададзена ў раённай газеце, ад падлеткаў чакаюць менатвіта працоўнай дапамогі, а не таго, што яны набудуць нейкія карысныя навыкі. Бо ім давяраюць “миссию по поддержке реального сектора экономики”. Ці ж гэта справа школьнікаў?

- Калі паглядзець на беларускую сістэму адукацыі і працоўнага выхавання ў цэлым, становіцца відавочна, што летняя практыка разглядаецца не толькі як элемент навучання. Нарматыўныя дакументы прадугледжваюць грамадска-карысную працу, вучэбна-вопытныя гаспадаркі, супрацоўніцтва школ з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі і нават замацаванне ўстаноў адукацыі за арганізацыямі аграпрамысловага комплексу. Усё гэта выглядае як добра прадуманая сістэма, у якой школа паступова ўбудоўваецца ў задачы эканамічнага развіцця краіны.

У публікацыі “Зары” школьнікі выглядаюць не столькі навучэнцамі, колькі дадатковым працоўным рэсурсам. Яны павінны дапамагчы аграрыям, дапамагчы камунальнікам. У выніку ў цэнтры ўвагі апынаюцца не інтарэсы дзіцяці, а патрэбы эканомікі. Пытанне, якая паўстае пасля прачытання публікацыі, заключаецца не ў тым, што дзеці працуюць, а ў тым, што дзяржава працягвае бачыць галоўную каштоўнасць дзіцячай працы ў магчымасці падтрымаць сельскую гаспадарку, ЖКГ або іншыя галіны эканомікі, як гэта было ў савецкія часы.

- Аднак, калі вядзецца не пра працу “у штаце”, яна павінна быць добраахвотнай? У газеце ж ні слова няма пра тое, што ад “працоўнай місіі” можна адмовіцца.

- Так, ступень добраахвотнасці такога ўдзелу – асобнае пытанне. Фармальна летняя працоўная практыка не павінна быць прымусовай. Аднак ва ўмовах, калі яна арганізуецца праз установы адукацыі, а яе ўдзельнікі знаходзяцца ў адносінах падпарадкавання да адміністрацыі школы і педагогаў, заўсёды ўзнікае пытанне, наколькі свабодным з’яўляецца выбар дзіцяці. Ці можа школьнік без наступстваў адмовіцца ад удзелу? Ці ўспрымаецца такая адмова як нармальная рэалізацыя права выбару? Менавіта гэтыя пытанні павінны быць у цэнтры ўвагі, калі дзяржава арганізуе працу непаўналетніх. Але “раёнка” пра гэта не піша.

Яшчэ адзін аспект, пра які чамусьці не любяць успамінаць аўтары падобных матэрыялаў, - бяспека. У верасні 2013 года ў Маладзечанскім раёне падчас сельскагаспадарчых работ загінула 13-гадовая школьніца. Трагедыя адбылася падчас уборкі бульбы, калі дзіця трапіла пад колы грузавога аўтамабіля. Гэты выпадак стаў жорсткім напамінам пра тое, што дзіцячая праца на палях – гэта не рамантыка працоўнага выхавання і не прыгожая карцінка для раённых газет, а дзейнасць, звязаная з рэальнымі рызыкамі для жыцця і здароўя дзяцей.


- Відавочна, што артыкул у раённай газеце накіраваны на іншае: не паставіць нейкія пытанні перад школай, бацькамі вучняў, а паказаць “ідэалагічна правільную карцінку”. Маўляў, школьнікі ідуць на дапамогу сваёй краіне ледзьве не з песнямі, а праца дворнікамі ці на палях выхоўвае іх сапраўднымі грамадзянамі...

- Праца сапраўды можа выхоўваць. Але яна выхоўвае не толькі працавітасць. Яна фарміруе ўяўленне маладога чалавека пра сваё месца ў грамадстве, пра стаўленне да яго з боку дзяржавы. І калі дзіцяці з ранніх гадоў унушаць, што яго галоўная каштоўнасць заключаецца ў здольнасці абслугоўваць патрэбы “рэальнага сектара эканомікі”, то гэта не пра адукацыю і прафарыентацыю. Гэта, хутчэй, пра фармаванне чалавека як паслухмянай адзінкі дзяржаўнага працоўнага рэсурсу, выхаванне, якое не авысакароджвае, а наадварот – прыгнятае і прыніжае.

Вольга Машко