Нагадаем, віцябляне зладзілі фотасэсію на фоне графіці з выявай зробленай з газеты птушкі, якая вырываецца з клеткі на волю. Удзельнікі фотасэсіі таксама трымалі ў руках папяровыя клеткі і птушак-арыгамі. Здымкі прайшлі без увагі міліцыі, але праз два тыдні пасьля з’яўленьня фотаздымкаў у інтэрнэце ўсіх, каго пазналі па фота, выклікаў для складання пратаколаў тады яшчэ маёр Аляксандар Рыбакоў, супрацоўнік Чыгуначнага РАУС. У судзе ён сведчыў, што рабіў гэта на загад тагачаснага начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі абласнога ўпраўлення МУС Аляксандра Каліноўскага, і што ўдзельнікі фотасесіі “выказвалі свае грамадска-палітычныя інтарэсы”.
Тое, што ўсе людзі маюць права на свабоднае выказваньне ўласных думак, не ўлічылі ні міліцыянт, ні суд.
У судзе Чыгуначнага раёна штрафы памерам 20 базавых велічыняў атрымалі журналісты Алена Сцяпанава (суддзя Дзяніс Губанаў), Кастусь Мардвінцаў (суддзя Алена Цыганкова), Зміцер Казакевіч (суддзя Алена Цыганкова). Штраф памерам 18 базавых велічыняў быў прысуджаны актывістцы аргкамітэта па стварэньні партыі БХД Алене Шабуні (судздзя Дзяніс Губанаў), віцебскай каардынатарцы аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяне Севярынец і праваабаронцу Паўлу Левінаву былі прысуджаны штрафы памерам 25 базавых велічыняў (суддзя Алена Цыганкова). Гэтая ж суддзя пакарала трыма суткамі арышту жыхара Віцебска Пятра Берлінава – мінака, які далучыўся да фотасесіі віцебскіх журналістаў і актывістаў.
Спробы абскардзіць штрафы ў Віцебскім абласным судзе былі беспаспяховымі. Але інцыдэнт стаў шырока вядомым менавіта праз бязглуздае абвінавачанне. Выглядала, што любая фотасесія з якім-кольвек рэквізітам можа разглядацца як несанкцыянаванае пікетаванне. Еўрапейскія журналісты ў Бруселі на знак салідарнасці паўтарылі фотасесію сваіх калег - сфатаграфавалася з такімі самымі папяровымі клеткамі і птушкамі, якія трымалі ў руках жыхары Віцебска, і з таблічкамі “Хіба гэта злачынства?”
Праз некалькі месяцаў графіці, якое стала прыступкай у кар'ернай лесвіцы Аляксандра Рыбакова, было знішчана.
Яўген Іваноўскі