“Не выйшла ў змагароў атрымаць “пакутніка крывавага рэжыму”, - старанна кпіць вядучы Youtube-канала “Вести не молчат”, аднаго з інтэрнэт- рэсурсаў абласнога дзяржСМІ.
Што да Мікалая Статкевіча, то ён сам вінаваты ў тым, што ў турме з ім здарылася няшчасце, спрабуе пераканаць гледачоў прапагандыст. “Умовы вызвалення былі канкрэтныя – пакінуць тэрыторыю Беларусі. Не захацеў. Прынцып “не хочаш – не трэба” стары як свет. А ўзрост-та ўжо не той, 69 гадоў як-ніяк. Супакоўцца б ужо, здароўем заняцца. Ды куды там! Усё ў палітыку гуляе на нарах. Вось і дагуляўся да інсульта,” – кажа з экрану сытага выгляду мужчына, у якога здароўя хапіла б на двух, а то і трох “палітзэкаў”.
І пераходзіць да рытарычных пытанняў, якія, на яго думку, павінны выклікаць гонар за Беларусь і пагарду да еўрапейскіх краінаў: “Лекары нашы малайцы, з таго свету дасталі і ў турму назад не адправілі. А каб паехаў тады, у Вільнюсе яго б лячылі ці паміраць кінулі?”
Выказвацца ў падобным тоне пра хворага апанента не дазваляла сабе нават прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандр Падзвінскі