«Беглые ждут удобного момента, чтобы закинуть огонь войны и на нашу территорию», «беглые продолжают пропагандировать ложь», «жаждут хаоса, разрушения и кровопролития, чтобы реализовать свои жалкие планы по госперевороту» - гэта ўсяго некалькі цытат з опусаў Панкрата. У не менш абразлівым стылі ен выказваўся і пра сваіх калег-журналістаў, якія былі вымушаны з’ехаць з Беларусі па палітычных прычынах.
Як мы заўважалі раней, артыкулы рэдактара глыбоцкай “раёнкі” можна смела ўключаць як у прапагандысцкую метадычку, так і ў падручнік па журналісцкай этыцы – у якасці прыклада недапушчальнага ўжывання мовы варожасці. Але ідэалагам, падобна, такі стыль вельмі даспадобы. Невыпадкова ў 2024 годзе Андрэя Панкрата прызналі пераможцам Нацыянальнага конкурса "Золотая литера" за праект "Мнение". Хэштэгам з гэтым словам Андрэй Панкрат пазначаў свае разважанні на палітычныя тэмы.
У тым жа 2024 годзе рэдактар вырашыў трохі пашырыць тэматыку артыкулаў уласнага сачынення, і на сайце газеты выйшаў ягоны фотарэпартаж з тэкстам пра смецце ў грамадскіх месцах Глыбокага. Усё было сказана і паказана, як ёсць. Але пасля таго, як фотаздымкі перадрукавалі незалежныя інтэрнэт- рэсурсы, Панкрат ускінуўся супраць іх, напісаўшы новы артыкул пад назвай пад назвай «Переврали, извратили, опошлили, или пример того, как оппы используют манипуляции для подрыва доверия к власти». Здавалася, які падрыў даверу да ўладаў, калі па сеціве разышліся фотаздымкі з дзяржаўнага выдання. Аднак рэдактар “Глыбоцкага весніка” настойваў, што тыя, хто іх перапосціў, «не стремятся к созданию благоприятной и стабильной общественно-политической ситуации, а продолжают провоцировать в нашем обществе конфликты и распри».
І вось гэтага чалавека і журналіста, нават болей – рэдактара СМІ ўганаравалі пачэсным званнем, якое даецца “за ўнёсак у раззвіццё Віцебскай вобласці”.
Ірына Смольская