Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 14 Ліпень 2025

На Талачыншчыне зачыняюць чарговы дзіцячы садок. Незадаволеныя бацькі запісалі відэазварот да Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхары аграгарадка Гаршчэўшчына  просяць не зачыняць дзіцячы садок. Мяркуючы па кадрах з відэазвароту ў ТikТok,  гэты дыхтоўны двухпавярховы цагляны будынак, дзе, як сцвярджаюць бацькі, ёсць і прасторныя гульнявыя пакоі, і спартовая, і актавая залы. Алле сад хочуць закрыць, а  малых прапануюць вазіць за 18 км  у школу ў Абольцах, дзе для дашкольнікаў выдзелена ўсяго два пакоі. Дарэчы, у саміх Абольцах - усяго трое дзяцей дашкольнага ўзросту. А пераводзіць туды збіраюцца 11 маленькіх жыхароў Гаршчэўшчыны.

"З высокіх трыбун чуваць прамовы аб тым, што ў краіне надаецца вялікая ўвага здароўю дзяцей. А насамрэч маленькія дзеці ў мароз і завіруху павінны чакаць аўтобус, які яшчэ невядома, прыйдзе ці не, а потым 18 кіламетраў трэсціся ў адзін бок, таму што дарога не заасфальтаваная", - гаворыцца ў відэаролік. Аўтары ўзгадваюць і пра словы Аляксандра Лукашэнкі, які казаў, што вяскоўцам павінна быць выгадна і перспектыўна жыць на малой радзіме.  

 Раней жыхары Гаршчэўшчыны звярталіся і ў райвыканкам, і ў віцебскі аблвыканкам, і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Але іх лісты “спускалі” на разгляд мясцовай улады, якая выступае за “аптымізацыю”. У прынцыпе, тое самае адбылося і гэтым разам. Толькі адказваць завместа Аляксандра Лукашэнкі ўзялася рэдакцыя раённай газеты “Голас Талачыншчыны”.

У выніку ў мясцовым СМІ выйшаў  артыкул аб тым, што раённая ўлада прыняла аптымальнае рашэнне - закрыць дзіцячы садок у Гаршчэўшчыне, каб не ўкладваць сродкі ў яго бягучы рамонт. А  практыка вазіць дашкольнікаў у суседнія населеныя пункты ў раёне існуе ўжо даўно, і гэта, маўляў, робіцца "для карысці дзяцей".

Міхаіл Бягун