Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 21 Красавік 2025

Пракуратура Чашніцкага раёна “стабільна” змагаецца з “распаўсюдам экстрэмізму ў інтэрнэце”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У 2024 годзе  пракуратура  Чашніцкага раёну 14 разоў звярталася ў  суд, каб там прызналі пэўныя інтэрнэт-рэсурсы  “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй”. За першы квартал 2025 года было тры такія звароты.   Раённая пракуратура дэманструе “стабільнасць” у “выкрыцці” матэрыялаў, “направленных на повышение социальной напряженности и создание недоверия к представителям органов государственной власти” - у сярэднім, 1 зварот на месяц, пасля якога  абвяшчаецца “экстрэмісцкім” адзін ці адразу некалькі інтэрнэт-рэсурсаў.

Штопраўда, гэтыя рэсурсы не маюць ніякага дачынення да рэгіёна, дзе пракурорскія работнікі праявілі “звышпільнасць”. Так, 14 студзеня 2025 года суд Чашніцкага раёна пастанавіў лічыць “экстрэмісцкай” групу “Новости из TUT.BY” у сацсетцы “Одноклассники”. 

У лютым пракуратура Чашніцкага раёна знайшла “экстрэмізм” у шэрагу адукацыйных праектаў. Паводле рашэння суду Чашніцкага раёна ад 17 лютага 2025 года “экстрэмісцкімі” прызнаны старонкі з назвай "Nastaunik.info" ў сацсетках  Facebook, Х, "ВКонтакте" і "Одноклассники" і аднайменны канал на Youtube;  старонкі "Перакулены клас + ДН. Матэрыялы для ўрокаў" і  "Наcтаунiкi беларускай мовы i лiтаратуры” ў Facebook,  а таксама персанальная старонка ў Facebook "Марина Зелёная". Агульным лікам сёлета ў лютым суд Чашніцкага раёна прызнаў “экстрэмісцкімі” 8 інтэрнэт- рэсурсаў.

 У красавіку (за няпоўны месяц, да 15.04)  суд Чашніцкага раёна па зваротах пракуратуры прызнаў “экстрэмісцкімі” 6 інтэрнэт-рэсурсаў, сярод якіх -  старонкі адукацыйнага праекта "Adu Place" у Facebook, Instagram, Telegram і "ВКонтакте".  

Людміла Паўлоўская