Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 19 Люты 2024

На Віцебшчыне "завалілі" план па зносе непрыдатных пабудоў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Работы па выкананні даручэнні Лукашэнкі па зносе непрыдатных і неэксплуатаваных аб'ектаў сельгасарганізацый з уключэннем у абарот вызваленых зямельных участкаў актывізавалі ў мінулым годзе. Але на Віцебшчыне знеслі амаль у пяць разоў меней пабудоў, што было запланавана.

Згодна з планам мерапрыемстваў па зносе непрыдатных і неэксплуатаваных будынкаў і пабудоў сельгасарганізацый, у 2023 годзе на тэрыторыі вобласці неабходна было знесці 177 аб'ектаў. За дзевяць месяцаў прыбралі толькі 38. недастатковую работу ў гэтым напрамку адзначылі на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю вобласці ў кастрычніку.

У выніку прынятых мер у кастрычніку-снежні знеслі яшчэ 49 аб'ектаў у шэрагу раёнаў: у Полацкім - 10, Браслаўскім і Докшыцкім - па чатыры, Глыбоцкім, Гарадоцкім, Аршанскім, Пастаўскім, Чашніцкім, Шаркаўшчынскім - па тры, Лепельскім, Лёзненскім, Талачынскім, Бешанковіцкім – па два, Мёрскім, Шумілінскім і Верхнядзвінскім – па адным.

Як паведамляюць у Дзяржкантролі Віцебшчыны, за непрыняцце мер па зносе непрыдатных і неэксплуатаваных будынкаў і пабудоў сельгасарганізацый да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнутыя службовыя асобы ў Браслаўскім, Глыбоцкім, Гарадоцкім, Докшыцкім, Лепельскім, Сенненскім, Талачынскім, Ушацкім, Шумілінскім.

Барыс Мінкін