Паводле афіцыйнай інфармацыі ад БРСМ, у медычны атрад абвешчаны прафесійны адбор. Усяго возьмуць каля 60 чалавек. Наяўнасць дадатковых студэнцкіх працоўных рук заклікана дапамагчы медустановам, дзе даўно заўважаны кадравы дэфіцыт. Прыкладам, паводле сайта Наваполацкай ЦГБ, тут бракуе медсясцёр і фельдшараў (прапанаваны заробак 700-800 руб.) Бракуе таксама і лекараў: хірургаў, траўматолагаў, тэрапеўтаў... Студэнта на такую пасаду не возьмеш, але магчыма, адміністрацыя бальніцы мае намер бліжэй прыгледзецца да старшакурснікаў, каб пазней прапанаваць ім працаўладкаванне. Вакансій у наваполацкай бальніцы апошнім часам пабольшала: нядаўна стала вядома, што з ЦГБ звольнілі мінімум чатырох адмыслоўцаў, якія трапілі на «суткі» праз адміністрацыйныя справы за так званае несанкцыянаванае пікетаванне і распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»...
З аднаго боку, студэнцкі медычны атрад дасць маладым людям магчымасць набыць рэальны працоўны досвед. Але з другога – гэта лішняя нагрузка на адміністрацыі медустаноў, якім трэба вырашаць праблемы рассялення студэнтаў і прызначэнне «шэфства» на працоўны перыяд. Менавіта на гэткія праблемы звяртаюць увагу кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя ў суседняй Расеі - там студэнцкія медычныя атрады працуюць ужо даўно. І дагэтуль складана сказаць, чаго ў гэтай працы болей: залішняга клопату са студэнтамі або дапамогі ад іх.
Што да беларускіх рэаліяў, то тут усё яшчэ больш складана: студэнтаў-медыкаў трэба не толькі рассяліць і прыставіць да іх настаўнікаў, якія дапамогуць зрабіць першыя практычныя крокі. Для «байцоў» СМА яшчэ трэба арганізаваць ідэалагічна-культурніцкую праграму - «сустрэчы грамадска-палітычнай накіраванасці, творчыя фестывалі, спартовыя мерапрыемствы, экскурсіі». Гэты абавязак, апрача адміністрацый бальніц, мусяць узяць на сябе выканкамы Полацку і Наваполацку, паведамляе наваполацкая «Новая газета».
Міхась Хмара