Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 24 Люты 2013

«Справядлівы сьвет» хоча прыцягнуць дэпутатаў Віцебшчыны да адказу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віцебская абласная канфэрэнцыя партыі Віцебская абласная канфэрэнцыя партыі

Віцебская абласная канфэрэнцыя Беларускай партыі “Справядлівы сьвет” падтрымала прапанову аб удзеле ў бестэрміновай кампаніі “Дэпутатаў да адказу!”. У прынятым рашэньні ўсім сябрам партыі рэкамэндавана ўзяць на кантроль правядзеньне справаздач дэпутатаў перад выбаршчыкамі, запатрабаваць ад райвыканкамаў і рэдакцыяў мясцовых газэт апублікаваць зьвесткі пра памочнікаў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і сябраў Савету Рэспублікі, больш актыўна выступаць супраць спробаў уладнай вэртыкалі ліквідаваць сельскія Саветы дэпутатаў...

У якасьці своеасаблівага “ўступнага ўзносу” у бестэрміновую кампанію ціску на слуг народу Чашніцкая раённая структура партыі прэзэнтавала свой досьвед процідзеяньня спробе губэрнатара Віцебскай вобласьці аднаасобна вырашыць пытаньне аб пераносе сталіцы раёну ў Новалукомаль. Пасьля агучваньня ім гэтай ідэі ў газэце “СБ” і БЕЛТА, сябры партыі сабралі больш за 300 подпісаў з патрабаваньнем да Савету Міністраў рэспублікі Беларусь паразумецца з народам… Калектыўны зварот ўрад пераадрасаваў Віцебскаму абласному Савету дэпутатаў і аблвыканкаму. Супакойлівы адказ прыйшоў па пошце ад намесьніка Косінца. Савет дэпутатаў маўчыць…

Камэнтуючы гэтую гісторыю, актывіст Мікалай Петрушэнка падкрэсьліў: “Віцебскі аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў груба парушылі парадак разгляду калектыўных зваротаў. Закон абавязвае іх у гэткіх выпадках выяжджаць на месца і сустракацца з “падпісантамі”… Што тычыцца пазыцыі Савету дэпутатаў, то дэпутаты абавязаныя перш за ўсё вывучаць прычыны, якія спараджаюць такія звароты. Няўзброеным вокам бачна, што прычына канфлікту, што паўстаў паміж народам і чыноўнікамі, у ігнараваньні ролі і месца Саветаў дэпутатаў як самастойных і самадастатковых ворганаў дзяржаўнай улады. Прасьцей кажучы, у імкненьні генэрала Косінца аднаасобна вырашаць усе пытаньні без аглядкі на меркаваньне грамадзян і грамадзкасьці. Трэба дзякаваць аблвыканкаму за тое, што яны сваім адказам і сваімі мэтадамі працы далі нагоду сябрам партыі “Справядлівы сьвет” апратэставаць дзеяньні чыноўнікаў у судовым парадку”.

Крыніца: "Наш дом"