Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 23 Кастрычнік 2017

Альгерд Бахарэвіч у Віцебску: Пытаньне жаночай роўнасьці вельмі актуальнае

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Альгерд Бахарэвіч у горадзе Альгерда. Падчас выступу Альгерд Бахарэвіч у горадзе Альгерда. Падчас выступу

Ці варта беларускім жанчынам забіваць мужчын і захопліваць старажытныя замкі дзеля таго, каб заявіць пра свае правы?.. Падчас літаратурнай імпрэзы з удзелам вядомых беларускіх і нарвэскіх аўтараў гаворка вялася ня толькі пра прыгожае пісьменства, але і пра беларускі сэксізм. Сустрэча прайшла ў віцебскай краме “Князь Вітаўт” 19 кастрычніка.

У літаратурнай імпрэзе бралі ўдзел аўтар нашумелага раману “Белая муха – забойца мужчын” Альгерд Бахарэвіч, беларускія паэткі Вальжына Морт і Юлія Цімафеева, нарвэскія літаратары Крысьціян К’ельструп і Ары Бэн. Сустрэча ладзілася ў межах кампаніі “Наша Пяцісот-годнасьць”, якая, нагадаем, прысьвечана 500-гадоваму юбілею кнігадрукаваньня ў Беларусі.

Асноўнай нагодай стаўся выхад у сьвет новага нумару інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” (№19). Сьвежы “ПрайдзіСвет” цалкам прысьвечаны сучаснай нарвэскай літаратуры. У Віцебску яго прэзэнтавала рэдактарка часопісу Юлія Цімафеева. Перад слухачамі выступілі таксама аўтар прадмовы да нарвэскага нумару Крысьціян К’ельструп і адзін з аўтараў – пісьменьнік і мастак Ары Бэн.

Імпрэза прайшла у краме “Князь Вітаўт”

Вядомая беларуска-амэрыканская паэтка Вальжына Морт, якая ўпершыню наведала Віцебск, прачытала некалькі вершаў, у тым ліку – з новай кніжкі “Эпідэмія ружаў”, а таксама – легендарную “Беларускую мову” (“Нават нашыя маці ня знаюць, як мы зьявіліся ў сьвет…”).

Вальжына Морт чытае вершы з новай кнігі “Эпідэмія ружаў”

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч пазнаёміў прысутных з перакладам свайго раману “Белая муха – забойца мужчын” на расейскую мову. Паведаміў, што на мове арыгінала (па-беларуску) раман вытрымаў ужо некалькі выданьняў. “Белая муха” выйшла ў сьвет напрыканцы 2015 году і набыла папулярнасьць ня толькі праз захапляльны сюжэт, але і як першы фэміністычны раман у беларускай літаратуры, створаны мужчынам.

Бахарэвіч: Пераможцаў у гэтай гісторыі няма…

Ці сапраўды ў Беларусі ўсё так кепска з правамі жанчын, што варта брацца за зброю, як гэта зрабіла галоўная гераіня раману?.. Тэма жаночай роўнасьці, як запэўнівае Бахарэвіч, застаецца вельмі актуальнай.

–  Праблема ў тым, што ў гісторыі пра такія рэчы, як жаночая роўнасьць, заўжды казалі: давайце спачатку вырашым нешта важнае, а гэта пакінем на потым. Маўляў, будзе яшчэ свой час для гэтага. І так было заўжды. Гэтыя праблемы ніколі не ўспрымаліся як самыя актуальныя. І трэба было, каб нехта ўзяў і зрабіў гэта тут і цяпер: выцягнуў бы гэтыя праблемы і паставіў іх на першае месца. Я паспрабаваў гэта зрабіць, - патлумачыў Альгерд Бахарэвіч.

Альгерд Бахарэвіч падчас дыскусіі

– У Беларусі шмат праблем, шмат болевых кропак. Пра мову напісана шмат, шмат напісана пра палітыку. А вось пра жаночую роўнасьць казаць баяцца… - дадаў.

Што да адкрытага фіналу раману і выратаваньня галоўнай гераіні, прызнаўся, што ён не аматар закрытых канцовак.

 – Пераможцаў у гэтай гісторыі няма, і таму Белая Муха мусіла застацца жывая, а замак мусіў зьнікнуць. Усё як бы вярнулася да пачатку, нічога вонкава не зьмянілася. Але ўдзельнікі гэтай гісторыі зьмяніліся ўнутрана. Я наогул не аматар закрытых фіналаў. Як правільна заўважыла Вальжына Морт, літаратура ня мусіць даваць адказаў, але толькі ставіць пытаньні, - заўважыў аўтар.

Вальжына Морт: Фэмінізм – гэта ня толькі пра жанчын

Пра сэксізм, які пануе ў Беларусі, выказалася і Вальжына Морт, якая, дарэчы, стала жыве ў ЗША.

Вальжына Морт выказала думкі пра сэксізм у Беларусі

– Ведаеце, калі гуляеш па парку любога беларускага гораду і чуеш ад якой-небудзь маладой маці фразы кшталту “Ну ты же мальчик” ці “Ну ты же девочка”, то разумееш, што фэмінізм – гэта ня толькі пра жанчын. Такое патрыярхальнае грамадзтва насамрэч губіць ня толькі жанчын – і мужчынаў таксама. І калі мы кажам свайму сыну “Ну ты же мужык…” – гэта жудасна. Гэтак ламаюцца людзі, - мяркуе паэтка.

Юлія Цімафеева: Жанчын не ўспрымаюць усур’ёз

Паэтка і рэдактарка “ПрайдзіСвету” Юлія Цімафеева нагадала, што праблема жаночай дыскрымінацыі актуальная ня толькі ў Сінявокай, але ва ўсім сьвеце. Узгадала пра нядаўні флэшмоб галівудзкіх акторак, якія ў розныя часы зазналі сэксуальныя дамаганьні з боку мужчын-кіназорак.

Выступае паэтка Юлія Цімафеева

– І ў нас таксама вельмі шмат чаго не раскрыта. Можа, мужчыны не зусім бачаць гэтую праблему і не разумеюць яе. Але зараз паўсюль начальнікі прыстаюць да сваіх падначаленых. І жанчын не ўспрымаюць усур’ёз. Ты мусіш нейкім чынам даказваць, што ты нечага вартая.

Ты мусіш быць у два разы лепшай за мужчыну, каб цябе нарэшце заўважылі, - сьцьвярджае паэтка.

Заўважыла таксама, што трэба казаць і пра няроўнасьць у сфэры культуры.

– Як мы вывучаем нашу гісторыю? Мы вывучаем жыцьцё князёў, тых, хто забіваў. І Альгердава кніжка таксама пра гэта. Пра князя, які забівае, але лічыцца героем. Які гвалтуе – і лічыцца героем. Гэта такое бачаньне гісторыі: гвалт – вайна – гвалт – рэвалюцыі – забойствы і г.д. Уся гісторыя – пра забойства. І гэта мы называем гераізмам! А я б, напрыклад, хацела ведаць, калі былі прыдуманыя акуляры альбо гадзіньнікі. На жаль, гэтага ў школе не вывучаем… - кажа Юлія Цімафеева.

Дарэчы, у якасьці арганізатара, яна запрасіла ўсіх удзельнікаў імпрэзы ў Віцебску на літаратурны фэстываль “Знак роўнасьці”, які пройдзе ў лістападзе ў Менску.

Досьвед чытаньня. Пра тое, як мы рухаемся ў чыёйсьці галаве

Падчас сустрэчы ў краме “Князь Вітаўт” вялося і пра мэтафізыку верша, і пра недахоп драматычных тэкстаў для чытаньня. Закранулі і праблему прадстаўленасьці сучаснай беларускай літаратуры ў школьнай праграме. Што насамрэч чытаюць старэйшыя школьнікі і ці ўмеюць яны наогул чытаць?

На думку Юліі Цімафеевай, трэба “гаварыць пра тое, што блізка дзецям”, але “сама мэтодыка вывучэньня літаратуры страшэнна састарэла”.

Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч

– Гэта XIX-е стагодзьдзе нейкае, хаця людзі ўжо жывуць у XXI-м. Канечне, добрая кніга насамрэч можа чытацца ў любы час. Бо яна гаворыць пра чалавека і пра тое, хто ён такі. І школьным настаўнікам трэба шукаць гэтыя кропкі судакрананьня. Калі гэтых кропак няма, значыцца, такая кніжка ў школе не патрэбная”, - мяркуе Юлія Цімафеева.

Вальжына Морт, у сваю чаргу, зазначыла, што гэтак, “як выкладалі літаратуру нам”, рабіць нельга. Бо ў выніку мы папросту ня ўмеем чытаць кнігі.

– А гэтаму трэба вучыцца, бо мы з гэтым не нараджаемся. Мы бярэм кніжку і ня ведаем, што з гэтым рабіць. А настаўніца запытваецца: “У чым тут сэнс?” Альбо: “А што хацеў сказаць аўтар?” Вось у чым праблема! Хаця пра тэкст трэба казаць як пра досьвед, пра прастору, пра тое, як мы рухаемся ў чыёйсьці галаве. Тэкст не дае аніякіх адказаў. Адзінае пытаньне, якое можна ўзьняць, гэта: “А якія тут пытаньні ўзьнятыя?” І не шукаць адказаў. Пытаньні вечныя – адказы ў кожнага пакаленьня будуць розныя”, - падсумавала Вальжына Морт.

“Белая муха” – твор не для школы?..

Між тым, Альгерд Бахарэвіч катэгарычна заявіў, што ягоная “Белая Муха – забойца мужчын” – рэч шкодная для школьнікаў. Таму мае на вокладцы пазнаку ўзроставага абмежаваньня (18+).

– Сучасная літаратура мусіць адказваць на выклікі часу, ціснуць на балючыя кропкі ў грамадзтве, якія ў нас ёсьць, якіх у нас вельмі шмат. І калі яна на іх сапраўды цісьне, то даваць усё гэта дзецям нельга, бо іх гэта будзе траўмаваць”, - зазначыў.

Ці купіў хто з віцебскіх школьнікаў “Белую Муху” ў гэты дзень, немаведама. Але пасьля імпрэзы сапраўды можна было набыць кнігі з аўтарскімі аўтографамі, а таксама зрабіць сэлфі на фоне беларускай Пагоні. Без аніякай дыскрымінацыі і сэксізму.

Зьміцер Міраш , фота аўтара