Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 18 Люты 2014

У Віцебску сябры ТБМ зьбіраюць грошы на падпіску на незалежныя газэты для бібліятэк

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебская абласная бібліятэка імя Леніна нібыта з мэтаю эканоміі з гэтага году перастала выпісваць «Нашу Ніву», «Народную волю» і «БелГазету». Абласная рада ТБМ прапанавала сабраць грошы і падарыць бібліятэцы падпіску на гэтыя выданьні. Збор сродкаў праводзіўся на гарадзкім сходзе таварыства. Зь ініцыятывай сабраць грошы і аформіць падпіску ў падарунак выступіў старшыня абласной рады ТБМ Язэп Навумчык. Прапанову падтрымалі і прыхільнікі роднай мовы, і журналісты — сябры БАЖ.

Паводле спадара Навумчыка, прысутныя на сходзе супольна ахвяравалі каля 300 тысяч рублёў. На гэтыя грошы ўжо можна выпісаць або ўсе тры выданьні на другі квартал, або два з трох — на паўгода. Але збор сродкаў працягваецца, і да канца гэтага тыдня сума мае павялічыцца.

Дырэктар бібліятэкі Аляксандар Сёмкін тлумачыць адмову ад падпіскі захадамі эканоміі: маўляў, бракуе бюджэтнага фінансаваньня. Аднак журналісты высьветлілі, што на 2014 год абласная бібліятэка выпісала больш найменняў розных выданьняў у параўнаньні з 2013 годам. Таму больш імавернымі падаюцца тлумачэньні супрацоўнікаў бібліятэкі, якія ў прыватных размовах з чытачамі спасылаюцца на адмысловае распараджэньне ўправы ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму.

Крыніца: Радыё Свабода