Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 06 Кастрычнік 2026

Віцебскую зооактывістку аштрафавалі за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Па словах Таццяны Шэўчык, супрацоўнікі міліцыі ў Гомелі знайшлі ў яе сацсетках даўнюю падпіску на расійскага блогера, і яго блог пра падарожжы быў прызнаны ў 2025 годзе “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй”. Чаму менавіта гомельскія міліцыянты праявілі такую неабыякавасць да жыхаркі Віцебска?

На яе аповед пра гэта ў Tik-Tok звярнуў увагу Telegram-канал «Витебск, я гуляю».

Таццяна Шэўчык лічыць, што пераслед гомельскіх сілавікоў звязаны з тым, што яна судзіцца з рэдакцыяй газеты «Гомельская правда» За развіццём гэтай гісторыі таксама актыўна сочыць віцебскі паблік.

Гомельскія міліцыянты перадалі звесткі пра «распаўсюд экстрэмізму» віцебскім калегам, тыя склалі адміністрацыйны пратакол, і зооактывістку Таццяну Шэўчык аштрафавалі.

«Гомельская правда» падала пазоў да Таццяны Шэўчык аб абароне дзелавой рэпутацыі пасля таго, як яна актыўна асвятляла гібель двухмесячнага шчанюка ў Тураве і крытыкавала артыкул у гэтай дзяржаўнай газеце, дзе факты жорсткага абыходжання называлі непацверджанымі, а тых, хто ў гэтым удзельнічаў - «зручнымі мішэнямі для хэйту».

Справу, ініцыяваную “Гомельской правдой”, разгледзяць 7 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска. Пакуль не вядома, якія менавіта выказванні віцебскай зооактывісткі выданне лічыць шкодай для сваёй дзелавой рэпутацыі.

Марыя Панкова