У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 1 снежня разглядзелі справу 32-гадовай Таццяны Батуры, якую затрымалі 15 лістапада ў Мінгарсудзе, калі яна хацела патрапіць на першы судовы працэс па справе палітзняволенай Вольгай Залатар. Справу вяла суддзя Таццяна Полулех. 30 лістапада Таццяна мусіла выйсці пасля 15-сутачнага арышту на волю, але сваякі і сябры так яе і не дачакаліся. Пазней стала вядома, што дзяўчыну з Акрэсціна завезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна на «прафілактычную гутарку». Хаця пасля першага суда над Таццянай яе адвакат адправіў ва ўсе РУУСы Мінска заяву пра тое, што Таццяна Батура адмаўляецца ад правядзення прафілактычнай гутаркі з ёй. Распавядаем, як праходзіў гэты суд над мінчанкай.

Адвакат на судзе адразу заявіў, што Таццяну ў РУУС павезлі без яе згоды і бесперапынна трымалі пад вартай, хаця афіцыйна ёй нават аддалі дакумент аб вызваленні — квіток для аплаты за харчаванне. Але негледзячы на «вызваленне», за браму ЦІП на Акрэсціна яна не вышла. Згодна з пратаколам па арт. 19.1 КаАП, «Таццяна 30 лістапада ў 16:10 падчас прафілактычнай гутаркі ў Фрунзенскім РУУСе пачала агрэсіўна і выклікаючы сябе паводзіць, гучна крычаць, кідаць пісьмовыя прыналежнасці на падлогу і на заўвагі супакоіцца не рэагаваць». Каля 17:00 пасля трох гадзін чакання сваякам Таццяны ў ЦІПе паведамілі, што яе ўжо павезлі ў Фрунзенскі РУУС. Але на судзе высветлілася, што ў 17:20 дзяўчына была яшчэ ў ЦІПе на вячэры, а ў 18:40 была на асабістым аглядзе за пару хвілін да «вызвалення». Але як Таццяна, знаходзячыся ў ЦІПа, змагла ў гэты ж час «хуліганіць» у РУУСе — невядома.

Сваю віну Таццяна Батура не прызнала.

Дзяўчыну, затрыманую перад судом над Вольгай Залатар, збілі ў Фрунзенскім РУУСе і арыштавалі на 15 сутак

У панядзелак, 15 лістапада, у Мінграсудзе затрымалі 32-гадовую Таццяну Батуру. Яна хацела патрапіць на суд над палітзняволенай Вольгай Залатар. Але пасля кантролю на рамках перад залай суда яе затрымалі людзі ў цывільным.

У сваіх паказаннях дзяўчына распавяла, што да вечара знаходзілася ў камеры ЦІПа і ніхто не прыходзіў у пазначаны час яе вызваляць. Пасля вячэры яе павялі на асабісты агляд, выдалі яе рэчы і квіток для аплаты за харчавання. Пасля гэтага яе суправадзілі ў службовую машыну і павезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе склалі пратакол за «дробнае хуліганства». Але Таццяна адзначыла, што ніякіх хуліганскіх дзеянняў з яе боку не было. Таксама стала вядома, што ёй нават не далі распісацца ў «журнале вызвалення» ў ЦІПе. То бок фактычна яе і не збіраліся адпускаць на волю.

 У РУУСе дзяўчыне далі падпісаць паперку аб тым, што яна азнаёмлена з адказнасцю за ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але са складзеным пратаколам яе не азнаёмілі, бо Таццяна заявіла, што знаёміцца будзе толькі ў прысутнасці адваката. Міліцыянты адказалі, што хопіць і таго, што «аквакат у яе будзе на судзе». У праве на абарону дзяўчыне зноў адмовілі.

Пасля складання пратакола Таццяну нават не вярталі на Акрэсціна, а пакінулі ў камеры РУУСа. Праз гэта дзяўчыну не кармілі суткі, а пасля гэтага адмовіліся прыняць для яе ежу ад сваякоў.  

Міліцыянт на судзе пацвердзіў, што з ЦІПа яе павезлі ў РУУС для правядзення «прафілактычнай гутракі», падчас якой Таццяна пачала весці сябе агрэсіўна. Ён блытаўся ў сваіх паказаннях і не мог адразу адказаць, хто затрымліваў дзяўчыну, а хто складаў пратакол. Апроч гэтага, сведка заявіў, што рабіў «павярхоўны асабісты агляд Таццяны», негледзячы на тое, што згодна з заканадаўствам гэта павінна рабіць жанчына. Адвакат звярнуў увагу суддзі, што рапарт міліцыянта складзены слова ў слова з пратаколам. Але судзю гэта не абурыла.

Суддзя Полулех здымала пытанні адваката да сведкі і адхіліла хадайніцтвы аб запросе і ў прагладзе відэа з камер відэаназірання. Больш за тое, адвакат атрымаў адказ на запыт па пытанню прадастаўлення відэазапісу з камер у Мінгарсудзе ў момант затрымання Таццяны. Намеснік старшыні суда Сергей Мікалаеў напісаў, што «будынак суда адносіцца да крытычна важнага аб’екта, таму распаўсюд і (ці) прадастаўленне інфармацыі з камер абмежавана». Атрымаць запіс можна па запыце суддзі, але суд не палічыў гэта неабходным.

У выніку, Таццяна Полулех прызнала дзяўчыну вінаватай па арт. 19.1 КаАП і арыштавала Таццяну на чарговыя 15 сутак

Акрамя гэтага, адвакату ўдалося азнаёміцца з выніковымі дакументамі медыцынскага абследвання па факце збіцця Таццяны ў Фрунзенскім РУУСе. З іх вынікае, што яна нібыта сама дабраахвотна і самастойна прыйшла з РУУСа ў 26 паліклініку, дзе яе аглядзелі лекары і дыагнаставалі «ўдар галавы». Нагадаем, на першым судзе дзяўчына распавяла, што пасля збіцця ў паліклініку яе даставіў той, хто яе ўдарыў галавою аб шафу.

Падчас суда Батура паспела распавесці, што з 18 лістапада і да моманту перазатрымання яна ўтрымлівалася ў карцары, дзе акрамя яе сядзяць яшчэ пяць жанчын. «Шконку» ад сцяны адчапляць забаронена, спяць усе на падлозе. Акрамя гэтага, Таццяна паскардзілася, што ў яе вошы, якія перадаліся ад бяздомных жанчын у камеры. Таксама дзяўчына заявіла, што ў РУУСе міліцыянты паабяццалі ёй, што будуць утрымліваць яе за кратамі два месяцы.

Крыніца: Затрыманую дзяўчыну на судзе Залатар зноў арыштавалі на 15 сутак. Яе трымаюць у карцары і абяцаюць утрымліваць за кратамі два месяцы