За кратамі ўжо амаль паўгода знаходзіцца 40-гадовы палітзняволены мінчук Андрэй Навіцкі. За гэты час яго паспелі асудзіць да пяці гадоў калоніі і ён пабываў у ізалятарах трох гарадоў: Мінска, Жодзіна, Магілёва. 30 верасня суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу за ўдзел у леташніх акцыях пратэсту, абразу Лукашэнкі ў відэароліку на YouTube і захоўванні пораху. Цяпер Андрэй чакае ў магілёўскай турме разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд і этапу ў калонію. Маці Андрэя Таццяна Іванаўна распавяла "Вясне" гісторыю сына. Мама Андрэя распавядае, што галоўная яго рыса, якая адрознівае яго ад іншых і характарызуе як чалавека, гэта тое, што ён вельмі працавіты: 

Андрэй Навіцкі. Скрын з ютуб-канала мужчыны
Андрэй Навіцкі. Скрын з ютуб-канала мужчыны "Шляхам ісціны"

Будаваў "Нацыянальную бібліятэку", "Мінск-Арэна", "Манеж"

"Працоўны шлях пачынаў у "Зелянгасе" Першамайскага раёна Мінска ў 17 гадоў. Пакуль брыгада п'янствавала, ён сам выклаў пліткай увесь вялікі прыпынак тралейбусаў каля крамы "Турыст" у Мінску. У гэтыя юныя гады сам абклаў на дачы наш дом цэглай. Будаваў шмат і якасна. У працы скурпулёзны. Яго праца ўкладзена ў многія аб'екты Мінска: "Нацыянальную бібліятэку", "Манеж", "Мінск-Арэну" і многае іншае".

Шэсць гадоў таму Андрэй Навіцкі перанёс цяжкую чэрапна-мазгавую траўму — расколіну чэрапа, не сумяшчальную з жыццём, але мужчына справіўся і з гэтым.

"Ён выжыў па божай міласці. Хадзіць і казаць прыйшлося навучыцца спачатку, як і аднавіць памяць. Але ён падняўся", — узгадвае маці палітвязня.

Па апавяданні Таццяны Іванаўны, апошняе месца працы Андрэя — сталяр па рамонце:

"Але ў арганізацыі не выдавалі нават спяцоўкі, не плацілі абяцанага заробку. Андрэй напісаў у вышэйстаячую арганізацыю. Парадак навялі. Але ён звольніўся і стаў шукаць іншае месца. І тут адбыліся пратэсты 9 жніўня 2020 года..."

"Атрымаў дубінай па галаве — ачуўся ў Жодзіна"

Андрэя Навіцкага падчас жнівеньскіх пратэстаў жорстка затрымалі:

"Атрымаў дубінай па галаве, страціў прытомнасць, ачуўся ў Жодзіна. Яму пашанцавала — яго праз 15 сутак адпусцілі. І не білі там. Потым ён трапіў на Акрэсціна. Адседзеў свой тэрмін на голых дошках, цэменце і з вёдрамі хлоркі. Але не журыўся, ён аптыміст".

Па словах мамы палітвязня, беззаконне і яго абвостранае пачуццё справядлівасці заахвоціла Андрэя ствараць ролікі на YouTube, у якіх ён выказваўся з нагоды палітычнай сітуацыі ў краіне. 

"Вырашыў выказацца на YouTube, то ён гэта зрабіў, хоць і ведаў, што сядзе" 

"Андрэй — хлопец рознабакова развіты. Шмат займаецца спортам: бокс, штанга, ровар, прабежкі. Валодае незвычайнай сілай. Калі мы будавалі дачны дом, то зацягнуў і адзін паклаў шасціметровыя бэлькі для падлогі. Захапляецца музыкай і маляваннем. Піша выдатныя вершы і музыку да іх. Яго альбом з музыкай прайгравалі ў адным з музычных інтэрнэт-клубаў. Настойлівы і мэтанакіраваны. Калі ён вырашыў выказацца на YouTube, то ён гэта зрабіў, хоць і ведаў, што сядзе. Але трываць бязмежжа не захацеў".

"Абабралі яшчэ і душу". Суд канфіскаваў флэшку з яго вершамі, музыкай і песнямі 

Малюнак Андрэя Навіцкага з СІЗА
Малюнак Андрэя Навіцкага з СІЗА

Андрэй быў затрыманы 1 чэрвеня гэтага года. 30 верасня ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынеслі прысуд 40-гадоваму Андрэю Навіцкаму. Яго прызналі вінаватым адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — арт.368, арт.295 і арт.342 і асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На судзе ён адмовіўся ад адваката, паколькі ўпэўнены, што зможа сам паспяхова абараняць сябе. На працэсе Навіцкі хадайнічаў аб вяртанні яго назапашвальнікаў памяці, якія былі канфіскаваныя пры ператрусе: там захоўваецца яго інтэлектуальная ўласнасць — вершы, малюнкі, аўдыё. Аднак хадайніцтва не задаволілі.

"Затрыманне праходзіла ў стылі часу. Яму ўзламалі дзверы, зрабілі ператрус, не прад'яўляючы на гэта дакумент, канфіскавалі маёмасць без вопісу. І за цвікі для рамонту, за кухонныя нажы, бытавы клей, пачак марганцоўкі і порах дваццацігадовай даўніны, паляўнічы, як для петард, абвясцілі яго тэрарыстам. Ды і прызначылі, аднаму за ўсіх, хто быў на пратэстах, аплаціць шкоду Мінтранса, хоць бясплатны адвакат і пярэчыў. У кошт дзяржавы забралі ў яго тэлефон, усю канфіскаваную маёмасць і флэшку з яго вершамі, музыкай і песнямі. Гэта значыць абабралі яшчэ і душу", — распавядае Таццяна Іванаўна.

Мінчука асудзілі да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў

30 верасня ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынеслі прысуд 40-гадоваму Андрэю Навіцкаму.

На судзе Андрэй пастаянна спасылаўся на Канстытуцыю і заяўляў пра свае правы, якія гарантаваныя ўсім грамадзянам.

"Па артыкулу 342 прызнаю віну толькі ў тым, што прымаў удзел у несанкцыянаваным шэсці, але лічу, што кіраваўся артыкулам 35 Канстытуцыі, згодна з якой кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода мірных сходаў, а таксама артыкулам 33 Канстытуцыі, згодна з якім кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на свабоду меркаванняў. І калі адміністрацыя свядома стала адхіляць заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемстваў, я лічыў, што грамадзянскае права людзі мелі", — сказаў у апошнім слове палітвязень.

На спатканні казалі пра што заўгодна, акрамя палітыкі і матэрыялаў справы

Таццяна Іванаўна сустракалася з Андрэем у СІЗА-1:

"На спатканні з ім была на "Валадарцы", а цяпер далёка ехаць, я не вытрымаю. На спатканні я распавяла яму, што пра яго ёсць матэрыял у телеграме, ён быў прыемна здзіўлены. Сказаў, што ўмовы знаходжання цярпімыя. Але ён наогул і цярпімы.

Спатканне праходзіла ў спецыяльным пакоі: праз шкло і па тэлефоне. Прыкладна адну гадзіну. Дзесьці сядзіць служба праслушкі і, калі не тое нешта скажаш, то спатканне спыняць. Таму казалі пра што заўгодна, акрамя палітыкі і матэрыялаў справы".

Пасля суда Андрэя перавозілі ў жодзінскую турму, а потым — у магілёўскую, дзе ён і ўтрымаецца цяпер. 

"У лістах заўсёды піша: "Мы пераможам", "Жыве Беларусь!"

Малюнак Андрэя Навіцкага з СІЗА
Малюнак Андрэя Навіцкага з СІЗА

Таццяна Іванаўна адзначае, што маюцца праблемы ў перапісцы з сынам:

"Лісты ад яго атрымліваю рэдка, хоць ён піша, што адпраўляе іх шмат. Маіх усіх ён таксама не атрымлівае. Я вельмі перажываю, бо не ведаю, што з ім, ці жывы.

З турмы мне дасылае свае малюнкі і я іх збіраю, захапляючыся іх высокай якасцю. Пісаў, што пакутуе ад адсутнасці аб'ектыўнай інфармацыі. А напісаць яму ўсю праўду не магу — не прапусцяць. У лістах піша, што вельмі хоча ведаць, як тут і што. Таму што калі глядзеў тэлевізар у турме, то здавалася, што ў краіне ўсё добра.

Мой сын імкнецца да справядлівасці, выканання дзяржаўнага і агульначалавечага закона. І абавязкова Канстытуцыі і правоў чалавека. І галоўнае для яго — гэта свабода! У лістах заўсёды піша: "Мы пераможам", "Жыве Беларусь!".

"41-годдзе сустрэне ў турме"

Як распавядае маци Андрэя, ён заўсёды ёй быў апорай і памочнікам. Нават у апошнім слове ён прасіў суд не пазбаўляць яго волі, бо ягонай маці патрэбная дапамога па гаспадарцы. 

"Наогул ён заўсёды са мной быў, а цяпер я адна. 20 студзеня ў яго Дзень нараджэння — споўніцца 41 год. Яго ён сустрэне не са мной, а ў турме. Ён нязломны ўпарты воін".

Падтрымаць Андрэя лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: 

Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Андрэй Уладзіміравіч Навіцкі

Крыніца: "Ён нязломны ўпарты воін", — маці палітвязня Андрэя Навіцкага пра сына