У судзе Заводскага раёна Мінска разглядаюць крымінальную справу супраць 33-гадовага палітзняволенага грамадзяніна Украіны Міхаіла Феранца. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 4 арт. 16 ч. 4 арт. 341 (арганізацыя апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці). Ураджэнца Данецка затрымалі 16 верасня мінулага года, адразу было прынята рашэнне аб яго высылцы з Беларусі, але потым гэта рашэнне прыпынілі. Сам Міхаіл пражывае ў Беларусі з 2012 года. Прэс-служба МУС толькі праз сем месяцаў, 20 красавіка, паведаміла пра затрыманне Феранца і апублікавала «пакаяльнае відэа», у якім ён заклікае народ Беларусі «супакоіць свае хваляванні, перайсці ў мірнае рэчышча, пачаць звычайны дыялог і перастаць бударажыць краіну». Цяпер Феранца вінавацяць ва ўдзеле ў трох леташніх Маршах, а таксама ў арганізацыі шляхам адміністравання тэлеграм-канала «Смелыя людзі» нанясення пратэстных надпісаў і малюнкаў, вывешвання БЧБ-стужак у дварах Фрунзенскага раёна Мінска. Віну палітвязень на судзе не прызнаў. Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Мануілаў. «Вясна» распавядае пра суд над палітзняволеным грамадзянінам Украіны.  

"Пакаяльнае відэа" праз сем месяцаў пасля затрымання

Міхаіл Феранец быў затрыманы 16 верасня. У адносінах да яго была вынесена пастанова аб высылцы з Беларусі ў прымусовым парадку, а таксама аб затрыманні на тэрмін, неабходны для выканання высылкі, але 1 кастрычніка рашэнне аб высылцы было прыпынена.

20 красавіка, праз сем месяцаў пасля затрымання Міхаіла Феранца, прэс-служба МУС апублікавала "пакаяльнае відэа" з грамадзянінам Украіны і распавяла падрабязнасці яго затрымання. Так, у ведамстве паведамілі, што 33-гадовага жыхара Данецка затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК за тое, што "ўлетку мінулага года браў актыўны удзел у несанкцыянаваных акцыях на тэрыторыі нашай краіны".

"Мужчына – удзельнік так званага атрада грамадзянскай абароны. У тэматычных дэструктыўных тэлеграм-чатах ён каардынаваў дзеянні апазіцыйна настроеных жыхароў Фрунзенскага раёна сталіцы. У прыватнасці, заклікаў наносіць графіці на пабудовы, раскідваць загнутыя цвікі, каб нанесці шкоду транспарту органаў унутраных спраў.

Вядома, што па "парады" затрыманы звяртаўся да свайго былога камандзіра, з якім служыў у ПДВ Украіны. Цікавіўся ў яго, як лепш рыхтаваць "падарункі" – пакеты з выбуховымі рэчывамі".

МУС паведаміла, што супраць Феранца распачатая крымінальная справа па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Аднак у судзе яго вінавацяць ужо па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 ат. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 4 арт. 16 ч. 4 арт. 341 (арганізацыя апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці). Заяўленыя прэтэнзіі МУС да ўкраінца не знайшлі месца ў абвінавачванні ў судзе.

Спроба раз. «Некарэктна выставілі абвінавачванне»

Суд над палітвязнем пачаўся 10 верасня, але беспаспяхова. На пачатку разгляду за "смех" з залы суда выдалілі ўсіх прысутных, у тым ліку сваякоў Міхаіла. Абвінавачванне зачыталі без слухачоў. Аднак 13 верасня на працэсе замянілі дзяржаўнага абвінаваўцу і зноў зачыталі абвінавачванне, бо суддзя заявіў, што на першым пасяджэнні "некарэктна выставілі абвінавачванне". Але што гэта значыць – невядома, бо першы дзень суда праходзіў без слухачоў.

Спроба два. Дык у чым у Беларусі абвінавачваюць грамадзяніна Украіны? 

Міхаіла Феранца вінавацяць ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады ці пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў. Украінцу ставяць у віну ўдзел у трох Маршах летась: 30 жніўня (Марш міру і незалежнасці), 6 верасня (Марш адзінства), 13 верасня (Марш герояў). Паводле версіі абвінавачвання, на гэтых Маршах Феранец "замінаў праезду грамадскага транспарту шляхам перакрыцця дарог, гучна пляскаў рукамі, чым парушаў спакой грамадзян, не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі, парушыў працу прадпрыемстваў і арганізацый".

Акрамя гэтага, паводле версіі абвінавачання, са жніўня па 16 верасня 2020 года (да затрымання) з дапамогай мабільнага тэлефона і камп'ютара праз тэлеграм-канал "Смелыя людзі", якія ён адміністраваў, Феранец знайшоў людзей для здзяйснення злачынства па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. "Працягваючы свой злачынны намер, выступаючы арганізатарам і кіраўніком, Феранец з мэтай здзяйснення злачынства групай асобаў па папярэдняй змове", набыў, падшукаў, вырабіў сродкі і прылады злачынства, у тым ліку чорную, белую, чырвоную фарбы, паперу, белую і чырвоную эмаль, БЧБ-стужкі, трафарэты, радыёстанцыі, пальчаткі і іншае. Пасля гэтага, згодна з абвінавачваннем, ён размеркаваў абавязкі і сам узяў удзел у здзяйсненні злачынства. Феранец з "нявызначанымі следствам асобамі" на дамах на вуліцах Жыновіча, Ляшчынскага, Кунцаўшчына, Калеснікава, Прытыцкага, Матусевіча (пракурор пералічыў каля 30 аб'ектаў) "з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве" арганізаваў пад сваім кіраўніцтвам, а таксама асабіста ажыццявіў нанясенне на паверхню фасадаў дамоў па пералічаных адрасах надпісаў, малюнкаў пратэстнага характару, таксама замацаваў стужкі белага і чырвонага колераў, чым ажыццявіў псаванне маёмасці ЖЭС №6 на суму 2 611 рублёў 50 капеек (больш як 96 базавых велічынь на момант ажыццяўлення дзеяння). Такім чынам, Феранца вінавацяць у здзяйсненні злачынства па ч. 4 арт. 16 ч. 4 арт. 341 (арганізацыя апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці).

Міхаіл Феранец на судзе віну не прызнаў.

Якую шкоду нанёс абвінавачваны Фрунзенскаму раёну Мінска?

На судзе ў якасці грамадзянскага пазоўніка была дапытаная прадстаўніца ЖЭУ № 6 Фрунзенскага раёна. Яна растлумачыла, што ў выніку дзеянняў абвінавачванага ЖЭУ была прычыненая маёмасная шкода – нанясенне пратэстнай сімволікі з дапамогай трафарэтных вырабаў (у выглядзе словаў "Таракан", лозунгаў, герба "Пагоня"). Прадстаўніца Фрунзенскага ЖЭУ заявіла, што выніковая сума маёмаснай шкоды склала 2 611 рублёў 50 капеек.

Аднак адвакат Феранца звярнуў увагу, што ў матэрыялах справы прысутнічаюць дакументы, якія фіксавалі нанясенне "пратэстных" надпісаў 17 і 21 верасня, то бок калі абвінавачваны ўжо быў затрыманы. Рэч у тым, што гэтыя акты складаюцца ў дзень выяўлення. Пасля доўгіх разглядаў прадстаўніца ЖЭУ так і не змагла адказаць, як каштарысныя дакументы за гэтыя даты трапілі ў матэрыялы крымінальнай справы супраць Міхаіла Феранца.

На працэсе дапыталі яшчэ аднаго прадстаўніка ЖЭУ, які непасрэдна складае акты, але і ён не ўнёс яснасці ў сітуацыю. Аднак на судзе сказаў, што надпісы не маглі быць нанесеныя раней – іх выяўляюць у дзень нанясення і адразу складаюць акты.

Суд над Міхаілам Феранцом працягнецца 14 верасня, чакаецца яго допыт.

Крыніца: За "пратэстную актыўнасць" у Мінску судзяць палітзняволенага ўкраінца. Яго год утрымліваюць пад вартай