Міхаіл Жамчужны ў судзе. Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, 6 снежня палітвязень Міхаіл Жамчужны пакараны 10 суткамі ШІЗА за “невыкананне законнага патрабавання прадстаўніка адміністрацыі следаваць у атрад”. Гэта ўжо 14-е пакаранне ШІЗА і ПКТ, якое накладзена на Жамчужнага за час ягонага знаходжання ў калоніі №9 г. Горкі, куды ён быў пераведзены ў ліпені бягучага года.

Міхаіл Жамчужны заяўляе, што адчувае рэальную пагрозу свайму жыццю. Ён папрасіў перадаць, што “што б са мной ні адбывалася, я вешацца не буду, са здароўем у мяне ўсё ў парадку”.

Пагрозы жыццю Міхаіл Жамчужны звязвае з распачатым абскарджаннем вынесеных спагнанняў у судовым парадку. Аднак ён намераны працягнуць абскарджанне, бліжэйшым часам будуць накіраваныя чарговыя скаргі на тры спагнанні, вынесеныя ў жніўні (9, 16 і 28 жніўня), а таксама касацыйная скарга на рашэнне суда Горацкага раёна ад 8 снежня.

Міхаіл Жамчужны не выключае, што наступным пакараннем можа быць перавод на працяглы перыяд у ПКТ. Ён перадае, што калі гэта адбудзецца, то зможа адказаць на лісты, якія ён атрымаў з волі. Зараз жа, у кароткія “перазменкі” паміж змяшчэннямі ў ШІЗА яму не даюць ні асадку, ні паперу, і ён не можа нічога нікому напісаць. Пры гэтым Жамчужны паведамляе, што падчас “перазменак” яму даюць чытаць толькі заказныя лісты.

Нагадаем, спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках пачала выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. У сваіх тлумачальных, якія палітвязень прадстаўляе падчас атрымання спагнанняў, ён указвае на сапраўдныя прычыны адмоваў “следаваць у атрад” і патрабуе пераводу яго ў бяспечнае месца. Вядома, што на заявы Міхаіла Жамчужнага аб змяшчэнні ў бяспечнае месца адміністрацыя па-ранейшаму не рэагуе.

Крыніца: Міхаіл Жамчужны апасаецца за сваё жыццё