Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу 15 і 16 красавіка: затрыманні, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Затрыманне берасцейца ў Расіі
У Расіі 15 красавіка затрымалі ў межах распачатай крымінальнай справы па арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) за падзеі 9-10 жніўня ў Брэсце Вадзіма Дубоўскага. Мужчына знаходзіўся ў пасёлку Чырвоная Луга Белгародскай вобласці — там яго і затрымалі. Цяпер Вадзіма чакае дэпартацыя ў Беларусь, дзе будзе пераданы беларускім органам следства.
Затрыманні ў Мінску
Учора ў сябе дома затрымалі 27-гадовага Юрыя Мурашова. Прычына — на балконе вісела майка "неправільнага колеру". У Ленінскім РУУС на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Сёння над ім чакаецца суд.
Таксама "Списки Окрестина" паведамляюць пра затрыманне ў Мінску яшчэ пяці чалавек:
- Воўк Уладзімір Вячаслававіч
- Жылко Сяргей Міхайлавіч (З Цэнтральнага РУУС даставілі на Акрэсціна)
- Іпатаў Аляксандр Уладзіміравіч (21.01.1978)
- Крываблоцкі Юрый Мікалаевіч (1985, з Фрунзенскага РУУС даставілі на Акрэсціна)
- Макаўчык Аляксандр Мікалаевіч (27.02.1981, Савецкае РУУС)
У Віцебску затрымалі актывіста Міколу Качурца
На досвітку 15 красавіка ў Віцебску быў затрыманы 62-гадовы актывіст Мікола Качурэц, піша "Віцебская Вясна". Паводле інфармацыі, атрыманай ад жонкі Качурца, яго затрымалі нібыта з той прычыны, што меў не адбытыя 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля затрымання віцяблянін знаходзіўся ў Першамайскім РАУС Віцебску.
Як расказала жонка Міколы Качурца Марына, яго затрымалі каля 6-й гадзіны раніцы.
«Мікола не аднойчы казаў мне, што яго пільнуюць супрацоўнікі РАУС, выведваюць нейкую інфармацыю пра яго ў суседзяў. Таму калі ён патэлефанаваў мне ў 5:56 і сказаў, што збіраецца ехаць у РАУС, я не вельмі здзівілася», – расказала Марына.
Паводле яе, у Міколы яшчэ са жніўня 2020 году заставаліся не адбытыя 10 сутак і пару гадзін адміністрацыйнага арышту. Ён быў затрыманы ў ноч з 9 на 10 жніўня, асуджаны паводле арт. 23.34 КаАП на 15 сутак і быў вызвалены з віцебскага СІЗА-2 без тлумачэння прычын 14 жніўня.
Жонка Міколы Качурца паведаміла таксама, што яе муж мае намер адмовіцца ад турэмнай ежы. Ён сказаў ёй пра гэта, калі апошні раз тэлефанаваў з Першамайскага РАУСу. Марына паспела перадаць мужу перадачу яшчэ ў аддзяленне міліцыі.
«Павезлі перадачу ў СІЗА, але там Міколы яшчэ не было. Прыйшлося ехаць у РАУС. На маё здзіўленне, там з намі размаўлялі ветліва, перадачу ўзялі без асаблівых спрэчак і нават пакінулі нумар тэлефона на выпадак, калі будуць пытанні», – паведаміла жонка Качурца.
Мікола Качурэц будзе знаходзіцца за кратамі да 25 красавіка.
Вызваленне палітзняволенай праваабаронцы
Праваабаронцу Таццяну Гацуру-Яворскую адпусцілі з мінскага СІЗА №1 праз 10 дзён знаходжання пад вартай, паведаміла "Еўрарадыё". Меру стрымання ёй змянілі, бо "адпала неабходнасць трымаць яе за кратамі". Абвінавачванне праваабаронцы не прад'яўлялася.
Таццяна — адна з арганізатарак выставы “Машына дыхае, а я не”. 5 красавіка, праз некалькі дзён пасля закрыцця выставы яе затрымалі, а ў яе дома правялі ператрус.
15 красавіка стала вядома, што мужа Таццяны Уладзіміра Яворскага дэпартуюць з Беларусі на 10 гадоў. Ён ужо выехаў ва Украіну. Таццяна распавяла, што яе мужа Уладзіміра збілі і пакражалі "пасадзіць па адміністрацыйке".
Маці адваката Бабарыкі не працягваюць кантракт у БДУ
З 17 красавіка БДУ не падаўжае кантракт з выкладчыкам грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ Аленай Лаеўскай, піша "Еўрарадыё".
У жанчыны дваццаці двухгадовы стаж працы ў БДУ, больш за 150 навуковых публікацый. А яе сын з'яўляецца топавым беларускім адвакатам, які абараняе экс-прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыка.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманне беларусаў у Расіі працягваецца. Хроніка пераследу 15 і 16 красавіка