Суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Гомелі 12 красавіка. У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 15 красавіка працягваўся разгляд гучнай крымінальнай справы, заведзенай на сябраў ініцыятыўнай групы кандыдаткі Святланы Ціханоўскай.

На лаве падсудных – палітвязні  Таццяна Канеўская, Юрый Уласаў, Дзмітрый Івашкоў і Аляксандр Шабалін.

Абвінавачванне ім прад'яўленае па па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), па артыкуле 292 Крымінальнага кодэксу - «захоп будынкаў», а  Юрый Уласаў дадаткова абвінавачваецца ў «публічнай абразе прадстаўніка ўлады» (частка 1 артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў. 

14 красавіка дапытвалі пацярпелых па справе аб абразе службовых асобаў (ДАІшнікаў, АМАПаўцаў у лістападзе 2019 года). Допыт адбываўся ў закрытым рэжыме, бо сілавікі не жадалі, каб разгалошваліся іх персанальныя дадзеныя. На паседжанні праглядалася  таксама відэа сустрэчы гомельскай ініцыятыўнай групы кандыдаткі са Святланай Ціханоўскай і яе памочнікамі 5 жніўня 2020 года. Відаць менавіта гэтае падслуханае відэа і лягло ў аснову абвінавачвання ў падрыхтоўцы масавых беспарадках і планах захопу адміністратыўных будынкаў у Гомлі.

Гомель: Пачаўся суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай

На пачатку працэсу Юрый Уласаў заявіў адвод суддзі Хлышчанкову. Суддзя яго адхіліў. Сваякі абвінавачваемых кажуць, што і суддзя, і пракурор кажуць вельмі ціха, так што немагчыма нічога расчуць. Нават пасля іх просьбы казаць гучней, сітуацыя не палепшылася.

Сёння, 15 красавіка, ізноў ніхто з незалежных журналістаў, праваабаронцаў, групы падтрымкі (апроч двух чалавек) трапіць на працэс не змаглі.

Журналістка Ларыса Шчыракова і валанцёрка Алена Тоцкая напісалі скаргі ў кнізе заўваг і прапаноў суду Чыгуначнага раёну.

Валанцёрка Алена Тоцкая, якая са жніўня мінулага году займаецца маніторынгам “палітычных” працэсаў, сёння напісала ўжо другую скаргу за нядопуск на гэты працэс. Яна мяркуе, што яе канстытуцыйные права прысутнічаць у адкрытым, судовым працэсе парушаецца. Сп.Алена прыйшла на сёняшнее паседжанне за 45 хвілінаў да пачатку, але на працэс яна так і не трапіла.

Будзе дапоўнена.

Крыніца: Чацверты дзень жадаючыя не могуць патрапіць на адкрыты судовы працэс над сябрамі ініцыятыўнай групы Ціханоўскай