Суд Маскоўскага раёна Брэста 15 сакавіка пачаў разгляд крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яшчэ 14 чалавек за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. У гэты раз судзяць таксама 24-гадовага палітзняволенага расіяніна Данілу Чамаданава, якога ўжо амаль тры месяцы ўтрымліваюць пад вартай у СІЗА-7. Справу разглядае суддзя Інна Клышпач. Колькасць абвінавачаных па "справе карагодаў" ўжо больш за 70 чалавек — гэта адна з самых масавых "палітычных справаў" у Беларусі. На гэты раз на лаве падсудных — мясцовая актывістка Алена Гнаук, Радзівон Кандрацюк, Віктар Лабко, Кірыл Луд, Людміла Луцкая, маці і дачка Вікторыя і Алена Лысковіч, Уладзіслаў Навіцкі, Марыя Скакавец, палітзняволены Даніла Чамаданаў (адзіны з гэтай групы знаходзіцца пад вартай), Васіль Чарнецкі, Юрый Чубрык, Валянціна Жукоўская і Сяргей Наліўка. Судзяць маці чацвярых дзяцей, лекара траўматолаг-артапед, бухгалтара, інжынера, прадпрымальніка, прадстаўнікі рабочых прафесій.

brest_karagosy_90.jpeg
Трэцяя партыя па "справе карагодаў". Фота: брэсцкая "Вясна"

Каго судзяць?

Жукоўская і Наліўка былі ў другой партыі абвінавачаных, якім ужо вынеслі прысуд, але з-за немагчымасці ўдзельнічаць у працэсе па стане здароўя іх справу выдзелілі ў асобную вытворчасць. Усяго ж фігурантамі крымінальнай справы за карагод 13 верасня мінулага года ўжо з'яўляюцца больш за 70 чалавек. 

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек. Акрамя таго, на розны час прыйшлося зачыніцца трох ларка і рэстарана KFC. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі Аўтобусны парк". Абвінавачванне прад'яўленае па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

З чатырнаццаці чалавек віну прызнаў толькі Даніла Чамаданаў, які знаходзіцца пад вартай ужо амаль тры месяцы. Яшчэ пяцёра прызналі віну часткова. Астатнія восем чалавек не пагадзіліся з прад'яўленым абвінавачваннем.

"Справа палітычна матываваная". Што адбываецца на судзе?

Дзяржабвінавачванне па справе падтрымліваюць Бараноўскі і Алена Шарко. 

На працэс не пусцілі вялікую групу людзей. Калі з журналістаў дазволілі прайсці толькі карэспандэнту "Народнай волі", то людзі пайшлі пісаць скаргі на імя старшыні суда. Пасля таго, як на судовы працэс не патрапіла шмат публікі, тыя, хто ўсё ж такі трапілі на пасяджэнне з самага пачатку, адмовіліся сядзець у зале суда. Суддзя Іна Клышпач сказала ўсім рассаджвацца, але людзі працягвалі стаяць. Пасля гэтага суддзя абвясціла, што ўсе акрамя абвінавачаных будуць выдаленыя з залы, калі не будуць падпарадкоўваюцца. Публіка неахвотна расселася, але абвінавачаныя засталіся стаяць.

Затым абвінавачаная Алена Гнаук заявіла, што просіць пусціць усю публіку і СМІ. З 14 абвінавачаных 11 стаялі ў зале суда з пачатку паседжання. Суддзя абвясціла перапынак і пайшла. Па вяртанні з непрацяглага перапынку суддзя проста працягнула пасяджэнне, пачала зачытваць правы. Абвінавачаныя ж заявілі адвод суддзі, бо яна "не забяспечвае галоснасць і адкрытасць" суда. Таксама абвінавачаныя заявілі, што лічаць справу палітычна матываванай, а таму галоснасць і падтрымка публікі на гэтым працэсе надзвычай важныя. Суддзя яшчэ раз пайшла на перапынак, а па яе вяртанні пусцілі журналістаў БелаПАН, паведамлялі брэсцкія праваабаронцы "Вясны".

Перад допытам абвінавачаных Алена Гнаўк звярнулася да суду з хадайніцтвам, піша TUT.BY. Яна сказала, што абвінавачванне "напісана па шаблоне" і не адпавядае рэальным абставінам:

"Пад капірку ўзялі [тэкст абвінавачвання] і толькі прозвішчы 70 чалавек падставілі. І гэта праца Следчага камітэта?! Гэта праца, якой дадзена ацэнка ў пракуратуры?!"

Актывістка запатрабавала накіраваць "карагодную справу" назад у Следчы камітэт, каб кожнаму з абвінавачаных канкрэтызавалі абвінавачванне і сказалі, якія менавіта злачынныя дзеянні кожны з іх здзейсніў. Астатнія абвінавачаныя яе падтрымалі. Адзін з адвакатаў сказаў, што яшчэ на этапе следства людзі пісалі скаргі на тое, што абвінавачванне не канкрэтызаванае. Суд адхіліў заяўленае хадайніцтва. 

Заўтра раніцай чакаецца допыт абвінавачаных.

3 гады і 3 месяцы калоніі, 20 гадоў "хіміі", 5,5 "хатняй хіміі" на ўсіх. Як караюць па гэтай справе? 

Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце
Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце

Па гэтай справе адбыліся ўжо два суды, агулам асудзілі 18 чалавек, дваіх нават адправілі ў калонію. Cуд Ленінскага раёна Брэста 25 лютага вынес першыя прысуды па крымінальнай "справе карагодаў". Суддзя Святаслаў Каліна асудзіў першую дзясятку:

Суд Ленінскага раёна Брэста 15 сакавіка вынес прысуды другой партыі. Суддзя Дзмітрый Шурын асудзіў адразу восем чалавек, прызначыўшы ім пакаранне ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года і 8 месяцаў калоніі:

У выніку, брэсцкія суды ўжо ацанілі святочны карагод 13 верасня ў цэнтры горада ў 3 гады і 3 месяцы калоніі, 20 гадоў "хіміі", 5,5 "хатняй хіміі" на ўсіх. 

Крыніца: Па брэсцкай "справе карагодаў" судзяць яшчэ 14 чалавек, сярод іх — палітвязень, які ўжо амаль тры месяцы за кратамі