Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу 14 красавіка: затрыманні, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Затрыманне былого палітвязня па "справе Ціханоўскага"

Андрэй Новікаў у судзе. Фота Радыё Рацыя
Андрэй Новікаў у судзе. Фота Радыё Рацыя

Увечары 13 красавіка супрацоўнікі Пастаўскага РАУСа затрымалі былога палітвязня Андрэя Новікава, валанцёра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Святланы Ціханоўскай і актывіста "Страна для жизни". Андрэй 7 месяцаў з'яўляўся палітычным зняволеным і ўтрымліваўмя у мінскім СІЗА №1 па "справе Ціханоўскага". Пасля быў дэпартаваны ў Расію без тлумачэння прычынаў вызвалення і ягонага статусу па справе.

Як паведамляе тэлеграм-канал "Страна для жизни", Андрэй Новікаў быў затрыманы ўчора прыкладна ў 21:30 у Паставах. Ён прыехаў адведаць жонку з дзецьмі. У Андрэя паўтарагадовая Дачка і яшчэ адна дачка з інваліднасцю. Яго даставілі ў РАУС г. Паставы. Папярэдне яму інкрымінуюць арт. 371 Крымінальнага кодэкса  (Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь). У пятніцу 16 красавіка ў прысутнасці адваката будзе выстаўленае абвінавачванне.

Пераслед стачкамаўцаў

Сёння быў затрыманы старшыня НПГ 1РУ Павел Разумоўскі. Яго адпусцілі з Салігорскага РАУС. Прычына затрымання высвятляецца.

Павел з першых дзён падтрымліваў стачку і страйкоўцаў. У кастрычніку на справаздачна-выбарнай канферэнцыі адміністрацыя прадпрыемства памылкова абрала Паўла старшынём НПГ 1РУ.

Папярэджанне пракуратуры журналісту за то, што назваў збор звестак пра студэнтаў і выкладчыкаў на курсах польскай мовы запалохваннем

Анджэй Пісальнік
Анджэй Пісальнік

Пракуратура заявіла, што вынесла афіцыйнае папярэджанне сябру незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў і галоўнаму рэдактару інтэрнэт-парталу незарэгістраванага ў Беларусі Саюзу палякаў znadniemna.pl Анджэю Пісальніку.

Прычынай папярэджання сталі камэнтары Пісальніка ў эфіры польскіх радыёстанцыяў «Radio 24» І «Radio 4» сёлета ў пачатку красавіка.

Паводле версіі пракуратуры, мэта выказванняў Пісальніка — «узбудзіць у насельніцтва нацыянальную варожасць на моўнай глебе, сфармаваць непрыязнасць і недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю аб іхнай дзейнасці».

«Анджэй Пісальнік заявіў, што ў беларускіх СМІ пачалі шырокамаштабную прапаганду супраць Польшчы ... каб „стварыць вобраз палякаў як людзей другой катэгорыі“. Маўляў, беларуская прапаганда хоча ачарніць палякаў у вачах грамадзтва і зрабіць іх ворагамі народу, „як было ў сталінскія часы“», — паведамляе пракуратура.

Сярод закідаў пракуратуры Пісальніку тое, што ён назваў збор звестак пра студэнтаў і выкладчыкаў на курсах польскай мовы запалохваннем і дапусціў, што беларускія ўлады плануюць адмяніць навучанне польскай мове і гісторыі ў Беларусі.

Інфармацыя дапаўняецца.

Хроніка палітычнага пераследу 13 красавіка

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу 13 красавіка: затрыманні, выклікі на допыты, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Крыніца: Новыя затрыманні ў Беларусі 14 красавіка Дапоўнена