Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся яшчэ дзевяць дэпутатаў парламентаў краінаў ЕС, Вялікабрытаніі і Швейцарыі. “Хросных” атрымалі палітвязні Рыгор Гунько, Ілля Трахтэнберг, Ксенія Луцкіна, Аляксандр Бабіч, Віктар Барушка, Таццяна Ласіца, Ала Шарко, Анастасія Міронцава і Вікторыя Міронцава.

angela_smith.jpeg

Баранэса Анджэла Сміт з Брытанскай Палаты лордаў стала “хроснай” Рыгора Гунько.

“Я разам з Рыгорам Гунько. Ён у турме амаль 6 месяцаў - без суда, проста за ўдзел у мірных акцыях пратэсту пасля выбараў. Права на мірныя пратэсты - гэта асноўная годнасць і права чалавека, якія неабходныя любой і кожнай краіне, якая прэтэндуе на дэмакратыю. Я і многія іншыя занепакоеныя бяспекай Рыгора Гунько, і яго трэба неадкладна вызваліць”, — сказала яна.

katharina-prelicz-huber.jpeg

Катарына Прэліч-Хубер, дэпутатка Швейцарскай Нацыянальнай рады, стала “хроснай” Іллі Трахтэнберга.

“Я падтрымліваю народ Беларусі, які мірна змагаецца за дэмакратыю, правы чалавека і свабоду слова. Я салідарная з імі. Я заклікаю да неадкладнага спынення гвалту, вызвалення ўсіх палітвязняў, свабоды слова і правядзення новых сумленных выбараў. Сваімі думкамі я з Іллём Трахтэнбергам, затрыманым студэнтам, які, як і многія іншыя, стаў нявіннай ахвярай рэпрэсій і гвалту за мірныя пратэсты. Гэта недапушчальна! Я патрабую яго неадкладнага вызвалення і тым самым бяру на сябе абавязак яго “хроснай”, — сказала яна.

benjamin_roduit.jpg

Дэпутат Нацыянальнай рады Швейцарыі Бенджамен Радзюі падтрымаў Ксенію Луцкіну.

“Свабода слова, асабліва прэсы, з'яўляецца адным з асноўных правоў любой дэмакратыі. Мы не можам цярпець, што дзяржава, якая прэтэндуе на дэмакратычнасць, не паважае гэтага права. Па гэтай прычыне журналістка Ксенія Луцкіна мусіць быць вызвалена без прамаруджання”, — адзначыў ён з гэтай нагоды.

ottmar_vonholtz.jpg

Дэпутат Бундэстага Отмар фон Хольц будзе “хросным” Аляксандра Бабіча.

“Са жніўня мірныя дэманстранты ў Беларусі змагаюцца за сваё права на дэмакратычную краіна. Рэжым ужывае экстрэмальны гвалт супраць дэманстрантаў і саджае іх у турму. Арышты жорсткія, а ўмовы ўтрымання жудасныя. Адзін з арыштаваных — Аляксандр Бабіч. За супраціў супрацоўнікам міліцыі ён быў асуджаны за дзень да Калядаў на тры з паловай гады калоніі. Прысуд відавочна палітычна матываваны і не меў юрыдычнай законнасці. Я патрабую яго неадкладнага вызвалення! Мяне вельмі ўражвае беларуская грамадзянская супольнасць, такія людзі, як Аляксандр Бабіч. Ён адзін з многіх нястомных змагароў за дэмакратычную Беларусь. Іх не запалохаць. Міжнародная супольнасць павінна аказаць ціск на Лукашэнку і падтрымаць дэмакратычны рух. Рэжым Лукашэнкі павінен вызваліць яго і астатніх палітвязняў, разабрацца са зверствамі і, нарэшце, правесці дэмакратычныя выбары!”, — сказаў ён.

petra-bayr.jpg

Петра Байр, старшыня Камітэта па раўнапраўі і недыскрымінацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, стала “хроснай” Віктара Барушкі.

“Мне балюча чуць, што давялося перажыць спадару Барушку. Яму прад'явілі абвінавачанне ў злачынстве, ахвярай якога ён сам стаў. Як старшыня Камітэта па роўнасці і недыскрымінацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, я асуджаю любыя формы сэксуальнага і фізічнага гвалту. Тое, што адбылося са спадаром Барушкам, не прымальна ў дзяржаве, заснаванай на вяршэнстве закона і належным кіраванні. Забіраць у людзей права на свабоду выказвання меркаванняў - гэта не прыкмета годнага кіраўніцтва. Фактычна гэта прыкмета рэпрэсіўнага рэжыму, які не ў стане паважаць розныя меркаванні, але затрымлівае грамадзян за палітычныя погляды, якія не адпавядаюць меркаванню ўладаў. Усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі павінны быць неадкладна вызвалены, а іх сумніўныя затрыманні павінны прайсці праз міжнароднае, незалежнае і эфектыўнае расследаванне”, — сказала яна.

gisela-manderla.jpg

“Хроснай” валанцёркі ПЦ “Вясна” Таццяны Ласіцы будзе дэпутатка Бундэстага.

“Я заклікаю неадкладна вызваліць праваабаронцу Таццяну Ласіцу. Адстойванне правоў чалавека з’яўляецца законным правам. Пераслед людзей, якія абараняюць свае правы, недапушчальны і з'яўляецца парушэннем правоў чалавека. Такім чынам, арышт спадарыні Ласіцы трэба кваліфікаваць як палітычна матываваны”, — заявіла спадарыня Мандэрла з гэтай нагоды.

valrie_piller_carrard.jpg

Дэпутатка Швейцарскай Нацыянальнай рады Валеры Пілер-Карар стала “хроснай” Алы Шарко.

“Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі непрымальная. Свабода грамадзян не паважаецца. Як дэпутатка швейцарскага парламента, я падтрымліваю кампанію па неадкладным вызваленні Алы Шарко”, — адзначыла яна.

mattea-meyer.jpeg

Матэя Маер, дэпутатка Нацыянальнай рады і сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Швейцарыі, узяла шэфства над Анастасіяй Міронцавай.

“На працягу некалькіх месяцаў Анастасія Міронцава, якой толькі 24 гады, знаходзіцца ў СІЗА. Якое яе “злачынства”? Яна ўдзельнічала ў мірных дэманстрацыях супраць рэжыму Лукашэнкі і выступала за дэмакратыю і вяршэнства закона. Як сустаршыня Швейцарскай Cацыял-дэмакратычнай партыі я бяру на сябе абавязак “хроснай” Анастасіі, каб павысіць дасведчанасць аб гэтых недапушчальных парушэннях правоў чалавека. Разам з кампаніяй салідарнасці Libereco #WeStandBYyou мы патрабуем яе неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі!”, — заявіла яна.

cdric_wermuth.jpg

Седрык Вэрмют, дэпутат швейцарскага парламента і сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Швейцарыі, будзе “хросным” Вікторыі Міронцавай.

“За кратамі апынулія шматлікія палітычныя актывісты, у тым ліку Вікторыя Міронцава і яе сястра Анастасія. Як сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі ў Швейцарыі і дэпутат Нацыянальнай рады я бяру на сябе абавязак “хроснага” Вікторыі і патрабую яе неадкладнага вызвалення. За дэмакратыю і правы чалавека, за свабоду і міжнародную салідарнасць! #WeStandBYyou”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе дэпутата.

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Крыніца: Еўрапейскія парламентарыі сталі "хроснымі" для яшчэ дзевяці палітвязняў