У судзе Ленінскага раёна Гродна 1 сакавіка працягваецца разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 і п. 13 ч. 2 арт. 293 КК супраць палітзняволенага кіроўцы аўтадому "Страна для жизни" Аляксандра Арановіча. Яго абвінавачваюць ў арганізацыя дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак у Гродне 29 траўня і Магілёве. Падставай для ўзбуджэння справы па падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадкаў стала старая дымавая шашка, якую Арановіч нібыта захоўваў на гарышчы дома ў сваіх бацькоў у Старых Дарогах. Па дадзеных праваабаронцаў, плануецца каля 14 судовых паседжанняў па гэтай справе. Пры гэтым, сам абвінавачаны Аляксандр Арановіч на судзе адмовіўся ад дачы паказанняў, як і падчас следства. Сведкамі па справе выступаюць супрацоўнікі АМАПу, гарадзенцы і родныя палітвязня. Супрацоўнік АМАПу, які затрымліваў Арановіча, не памятае, за што яго затрымліваў, як складаў рапарт і як выступаў сведкам у ліпені супраць яго на адміністрацыйным працэсе. Справу разглядае суддзя Алена Пятрова. Маніторынг суда ажыццяўляе праваабаронца Раман Юргель. "Вясна" працягвае распавядаць, як адбываецца працэс над палітзняволеным Аляксандрам Арановічам.   На другім судовым паседжанні быў дапытаны ў якасці сведкі супрацоўнік АМАПу Сяргея Рынко, які затрымліваў Арановіча ў Гродне 29 траўня. Таксама заслухалі сведку-кіроўцу  амапаўскага бусу Максіма Бойку. А вось супрацоўнік АМАПу Карыкаў на суд не з’явіўся, бо знаходзіцца на бальнічным. У якасці сведкі выступіла пенсіянерка-гарадзенка, якая назірала ўсе падзеі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Гродне.

Аляксандар Арановіч (зьлева) і блогер Уладзімер Няронскі. Фота: Радыё Свабода.
Аляксандр Арановіч (злева) і блогер Уладзімір Няронскі. Фота: Радыё Свабода.

У Гродне пачаўся суд над палітвязням Аляксандрам Арановічам. У справе няма ніводных яго паказанняў

У судзе Ленінскага раёна Гродна 26 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага Аляксандра Арановіча. "Вясна" распавядае, як адбываецца працэс над палітзняволеным Аляксандрам Арановічам.

Супрацоўнік АМАПу, які затрымліваў Арановіча, не памятае, за што яго затрымліваў

30-гадовы ссупрацоўнік АМАПу Сяргей Рынко распавёў на судзе, што 29 траўня нёс службу ў службовым аўтамабілі, назіраў. Па радыёстанцыі паведамілі, што ўжыты гвалт да міліцыянта, усім прыбыць і прыступіць да затрымання правапарушальнікаў. Па яго словах, на плошчы была навала грамадзян, да іх шлі міліцыянты ў камізэльках сініх з мегафонам. Каля ляжачага ўчастковага Казлоўскага супрацоўнік АМАПу заўважыў Арановіча. На судзе Рынок сказаў, што яго ўвагу прыцягнула тое, што “двое грамадзян актыўна пакідаюць плошчу”. Сярод іх быў і Аляксандр Арановіч. Рынко сказаў, што ў Арановіча былі кідкія прыметы: падобна апрануты да Ціханоўскага, куртка, маска, кепка.

“Я з Верхаводкіным стаў затрымліваць Арановіча з тапкам. Спачатку ён не хацеў ісці, мы ўзялі яго пад рукі, пасадзілі ў машыны і павезлі”.

Супрацоўнік АМАПу распавёў, што глядзеў раней стрым блогера Ціханоўскага, таму ведаў яго. А калі сядзеў у бусе, то глядзеў онлайн-трансляцыю.

На ўдакладняючае пытанне адваката, чаму затрымалі менавіта Арановіча, супрацоўнік АМАПу сказаў, што “проста затрымалі першага, які трапіў, але дакладна не памятаю”.

Супрацоўнік АМАПу сказаў, што затрымалі Аляксандра за “правапарушэнне”, але ў межах якога працэсу не памятае. Па словах Рынко, участковы штосьці складаў, а яго і іншых супрацоўнікаў АМАПу апытаў, у выніку чаго склаў пратакол апытання. Але Арановіч сказаў, што 6 чэрвеня менавіта Рынко складаў рапарт, што ён хадзіў на Савецкай плошчы і заўважыў, што нейкі грамадзянін цягае жанчыну за заплечнік. Але гэтага супрацоўнік АМАПу не памятае. Не ўспомніў ён і тое, як 2 ліпеня выступаў сведкам на адміністрацыйным судзе над Арановічам па арт. 17.1 і 23.4 КаАП, калі яго асудзілі на 10 сутак арышту.

Не змог сведка адказаць Арановічу, за якія дзеянні ён затрымліваў 29 траўня палітвязня. Аляксандр звярнуў увагу суддзі, што яго адразу затрымлівалі па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Па словах і па папярэдніх паказаннях Рынко, Арановіч не супраціўляўся пры затрыманні. 

Кіроўца амапаўскага бусу: Людзі акружылі аўтобус, не давалі з'ехаць хвілін 15, білі па лабавым шкле

Пасля Рынко быў дапытаны супрацоўнік АМАПу Максіма Бойка, кіроўца “Форд транзіта” сіняга колеру, на якім звозілі затрыманых. 29 траўня ў Гродне ён быў за стырном увесь час і нікога ў той дзень не затрымліваў. 

Ён распавёў, што 29 траўня ў Гродне праходзіла масавае мерапрыемства па зборы подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты. Па рацыі пачулі, што ўжыты гвалт да міліцыянта.

“Я сядзеў у аўтобусе, прывезлі калегі нейкіх затрыманых, па падазрэнні здзяйсненні злачынстваў мы іх павезлі ў Кастрычніцкае РАУС. Людзі акружылі аўтобус, не давалі з'ехаць хвілін 15, білі па лабавым шкле. Бус выязджаў апошнім, АМАП адціснуў людзей, мы заднім ходам паехалі ў Кастрычніцкае РАУС Гродна. На бусе былі ўвагнутасці, драпіны”.

Аўтобус адрамантавалі. Асабіста Арановіча ён не бачыў. Супрацоўнікаў АМАПу Рынко і Верхаводкіна, якія затрымлівалі Арановіча, у гэтым бусе не было.

Відавочца з плошчы: Усё адбылося стыхійна, ніхто нікуды не заклікаў людзей

Наступнай была дапытаная гарадзенка 62-гадовая Людміла. Яна таксама даавала паказанні на працэсе над Фурманавым, Разнічэнкам і Кнігай. Асабіста з Арановічам яна не знаёмая і не памятае яго. 

Жанчына распавяла, што 29 траўня яна таксама была на Савецкай плошчы, дзе збіралі подпісы за вылучэнне ў кандыдаткі Святланы Ціханоўскай. Калі яна пакінула свой подпіс, то села на парапет. Па яе словах, яна ўбачыла, як “дзве жанчыны прыставалі да Ціханоўскага з дурнымі пытаннямі, а ён не хацеў з імі размаўляць, сыходзіў ад іх”. Пасля гэтага з'явіліся два міліцыянты. Жанчыны сказалі міліцыі, чаму Ціханоўскі не хоча размаўляць з імі. Яна не бачыла, каб міліцыя размаўляла з Ціханоўскім.

“АМАП схапіў Ціханоўскага і павёў у бус. Я не ведаю ні каманды Ціханоўскага, нікога. Арановіча не памятаю. Людзі сталі абурацца і абступілі бусы, затрымлівалі іх. Я таксама стукала па шкле буса, каб не раздушылі людзей заднім ходам. Бус выехаў праз 5 хвілін. Людзям стала цікава, навошта і за што забралі Ціханоўскага. Усе людзі пайшлі на вуліцы Акадэмічная да абласнога УУС”.

Жанчына ўдакладніла, што “людзі самі ў парыве падышлі да бусаў з затрыманым Ціханоўскім, людзі не ведалі адзін аднаго, усё адбылося стыхійна, ніхто нікуды не заклікаў людзей”.

Суд перайшоў да даследавання пісьмовых матэрыялаў справы.

Хто такі Аляксандр Арановіч?

Аляксандр Арановіч — удзельнік каманды YouTube-канала "Страна для жизни", заснаванага Сяргеем Ціханоўскім. Кіроўца аўтадома, 38 гадоў, жыў у горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Скончыў Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву, да 2015 года быў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся грузаперавозкамі.

Аляксандра затрымалі падчас пікету па зборы подпісаў у Гродне 29 траўня разам з іншымі ўдзельнікамі СДЖ. Пераведзены ў Мінск у СІЗА-1. Яму прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэксу. 17 снежня стала вядома, што Арановічу прад'явілі новае абвінавачванне —падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках (п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

"Можа вы і нармальныя людзі, але я ўжо нікому не веру", — маці палітвязня Аляксандра Арановіча

"Вясна" пагаварыла з маці палітычнага зняволенага Аляксандра Арановіча Галінай Іванаўнай. Хто такі Аляксандр, як ён трапіў у каманду "Страна для жизни", як успрыняла гэта сям'я, як праходзіць следства ў дачыненні да яго, як ставяцца старадаражане да таго, што ў іх горадзе з'явіўся палітвязень, — чытайце ў нашым матэрыяле.

"Запытваліся, чаму яны з Ціханоўскім аднолькава апранутыя". Палітвязню Арановічу прад'явілі новае абвінавачванне

Як паведаміла "Вясне" маці палітычнага зняволенага Аляксандра Арановіча, яму прад'явілі новае абвінавачванне — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках (п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). За кратамі палітвязень Аляксандр Арановіч знаходзіцца ўжо сёмы месяц. 

Крыніца: На судзе над Арановічам дапытваюць АМАПаўцаў, якія затрымлівалі на пікеце ў Гродне 29 траўня