Суд Ленінскага раёна пакараў палітзняволенага антыфашыста 20-гадовага Уладзіслава Зяневіча трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу – "хіміі".

Прысуд вынесла суддзя Марына Запаснік. Дзяржабвінавачанне падтрымаў пракурор Аляксандр Рамановіч. Яго прызналі вінаватым па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу.

У чым яго абвінавацілі?

Уладзіслава Зяневіча абвінавацілі ў тым, што першага лістапада ён наўмысна актыўна ўдзельнічаў у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак. А менавіта – удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, выкрыкваў лозунгі, узнімаў рукі, знаходзіўся ў першых шэрагах мерапрыемства, выходзіў на праезную частку. Пры гэтым ён не раэгаваў на патрабаванні  супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеянні. Гэта пацягнула за сабой парушэнне работы грамадскага транспарту.

Абвінавачанне лічыць, што віна палітвязня даказаная сведчаннямі абвінавачанага, сведак.

Уладзіслаў Зяневіч віну не прызнаў.

Адмовіўся ад сведчанняў і апошняга слова

Падчас следства Уладзіслаў Зяневіч распавеў, што першага лістапада ўбачыў натоўп, які рухаўся ў бок станцыі метро “Усход” па праезнай частцы і тратуары. Сам палітвязень быў затрыманы каля парка Чалюскінцаў. Аднак ён адзначыў, што не парушаў грамадскі парадак, а быў затрыманы, калі вяртаўся дадому.

У далейшым палітвязень адмовіўся даваць сведчанні, карыстаючыся правам не сведчыць супраць сябе. Адмовіўся ён і ад апошняга слова.

Пазоў – больш за дзесяць тысяч

Пісьмовымі матэрыяламі справы з’ўляюцца дадзеныя, вынутыя з тэлефона абвінавачанага, пратаколы агляду.

Таксама быў прагледжаны відэазапіс, зроблены ў месцы інцыдэнта: суддзя была ўпэўнена, што ў адзін з момантаў на ім можна разглядзець твар абвінавачанага, які ўзнімае два пальцы ўверх. Таксама на відэа бачны момант, калі Зеневіч сыйшоў на праезную частку.

Мінсктранс папрасіў спагнаць з Зяневіча маёмасную шкоду ў памеры 10 тысяч 689 рублёў 76 капеек, а таксама дзяржпошліну за пазоў. Палітвязень пазоў не прызнаў.

Пракурор запрасіў для палітвязня Уладзіслава Зяневіча тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу – “хіміі”. Такі прысуд і вынесла суддзя Марына Запаснік. Пазоў Мінсктранса вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць.

Ці мог Зяневіч быць у месцы, пазначаным у абвінавачанні?

Адвакат упэўнены, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць доказы віны Зяневіча. Таксама ён адзначыў, што яго падабаронны не мог знаходзіцца ва ўказанным у абвінавачанні месцы: суадносна з пратаколам затрымання па адміністрацыйнай справе па арт. 23.34, у гэты час ён быў затрыманы.  “Усё абвінавачанне будуецца на двух відэазапісах, – сказаў адвакат. – Прычым нельга дакладна сказаць, што на іх – менавіта мой падабаронны”.

Антыфашыст з Мінска Уладзіслаў Зяневіч быў затрыманы 30 лістапада па арт. 342.1. Раней улада затрымлівалі на маршы 1 лістапада, моцна збілі, на наступны дзень прысудзілі штраф у 30 б. в. таксама ў яго кватэры быў праведзены ператрус. Прызнаны палітычным зняволеным.

Крыніца: Антыфашыста Уладзіслава Зяневіча пакаралі трыма гадамі "хіміі"