Суд Савецкага раёна 27 студзеня працягвае разгляд крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 КК супраць 21-гадовага палітзняволенага студэнта БДУІР Арцёма Вінакурава за заклікі ва ўніверсітэце да страйку. Яго абвінавачваюць у тым, што ён сарваў 26 кастрычніка вучэбныя заняткі, што пацягнула "зрыў навучальнага працэсу і недаатрыманне ведаў студэнтамі БДУІР". У першы дзень суда было дапытана 18 сведак: выкладчыкі і студэнты БДУІР, ахоўнік і бацькі Арцёма. Па іх словах, заняткі былі прыпыненыя на 5-15 хвілін, але прэтэнзіяў ніхто не мае да гэтага. Па абвінавачваннях, Арцём дзейнічай у групе асобаў — гэтыя людзі неўстаноўленыя, а сведкі даюць розныя паказанні, колькі людзей там было. Арцёма Вінакурава многія пазналі толькі на відэа са спрэчкай з дэканам БДУІР Леанідам Шылінам, якое студэнты выклалі ў інтэрнэт. Справу разглядае суддзя Марына Фёдарава. "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс.   Арцём Вінакураў — студэнт 3 курса факультэта камп'ютэрных сістэм і сетак БДУІР. Паводле звестак МУС, 26 кастрычніка ён разам з іншымі навучэнцамі зайшоў у аўдыторыю, дзе праходзіў занятак, і пачаў заклікаць да страйку. Пасля таго, як дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Леанід Шылін зрабіў заўвагу студэнтам і папрасіў іх выйсці з аўдыторыі "у яго адрас пасыпаліся абразы і пагрозы". Арцём быў затрыманы раніцай 27 кастрычніка, супраць яго была распачатая крымінальная справа аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса).

Арцём Вінакураў. Фота: dev.by
Арцём Вінакураў у судзе. Фота: dev.by

Хто такі Арцём Вінакураў?

Трэцяга снежня Арцём быў прызнаны праваабаронцамі палітычным зняволеным. Да суда Арцём утрымліваўся ў СІЗА ў Жодзіна.

Сваю віну Вінакураў прызнаў у поўным аб'ёме. Інтарэсы хлопца абараняюць адвакаты Андрэй Балмакоў і Андрэй Доўнар.

Як прайшоў першы дзень суда над палітвязнем?

"Навучальны працэс быў сарваны як мінімум на 10 хвілін". У Мінску судзяць студэнта за заклікі да страйку

Суд Савецкага раёна 26 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 КК супраць 21-гадовага палітзняволенага студэнта БДУІР Арцёма Вінакурава за заклікі ва ўніверсітэце да страйку.

На другі дзень суда допыт сведак працягваецца

У першы дзень суда было дапытана 18 сведак. Але з іх паказанняў дакладна не зразумела: у групе асобаў, сярод якіх быў Вінакураў, было ці то 15 чалавек, ці то 100. Паказанні разняцца і непаслядоўныя. 27 студзеня суд працягвае заслухоўваць сведак па справе палітвязня. 

Выклдачыца БДУІР: Я падыходзіла да навучальнага працэсу стандартна: без забастовак і правакацый

Першай сёння дапыталі выкладчыцу з БДУІР. Яна распавяла, што на яе лекцыю 26 кастрычніка "ўварваўся падсудны, а студэнты аказвалі яму шумавую падтрымку". Па яе словах, у групе было каля 30 студэнтаў, яны зайшлі ў аўдыторыю з двух уваходаў. Усё заняла не больш за 10 хвілін. Выкладчыца распавядае пра дзеянні Арцёма Вінакурава:

"Крычаў, на мой погляд, нарыхтаваныя лозунгі эмацыйнага настрою, заклікаючы да страйку, да якога заклікала і Святлана Ціханоўская".

Студэнты яго падтрымлівалі: апладзіравалі, скандавалі падрыхтаваныя выразы. Але выкладчыца дадала, што яна не памятае шмат чаго, бо была ў шокавым стане.

Тады яна спытала ў студэнтаў, няўжо Святлана Ціханоўская супраць таго, каб студэнты вывучалі гісторыю, але Вінакураў ёй не адказаў. Па яего словах, яна не паспела выкласці ўвесь матэрыял не толькі з-за 10 хвілін, але і з-за звароту да студэнтаў з тэмай, не звязанай з лекцыяй.

Выкладыца падкрэсліла на судзе, што ўварванне Вінакурава пакінула ўражанне на ёй. Адвакат запытаў, ці негатыўнае, на што выкладчыца сказала:

"Чаму? Гэта было нечаканасцю, я падыходзіла да навучальнага працэсу стандартна: без забастовак і правакацый".

Арцём у зале суда папрасіў прабачэнне ў выкладчыцы за тое, што прынёс нязручнасці ёй.

Наступным дапытваюць яшчэ аднаго выкладчыка БДУІР, у якога 26 кастрычніка была лекцыя па матэматыцы. Яна распавяла, што на пару сапраўды заходзіла група студэнтаў на 5-7 хвілінаў. Яна не памятае, што канкрэтна яны казалі і ці была ў іх сімволіка. Не памятае яна, ці быў сярод іх Арцём Вінакураў. Па яе словах, гэта паўплывала на навучальны працэс: "дзесьці казала хутчэй потым". Па яе словах спрэчкі не было паміж імі:

"Яны да мяне не звярталіся, а звярталіся да студэнтаў. Потым выслухалі мяне і ўсё зразумелі".

Выкладчык пра студэнтаў: Яны былі гатовыя, вось па-вайсковаму

Наступны сведка — выкладчык Аляхновіч. Па яго словах, у аўдыторыю, дзе ў яго былі заняткі, каля 10 гадзін зайшлі студэнты ў чорных масках і сказалі: "Хто супраць гвалту — за мной". 

"І тыя, хто супраць гвалту, — пайшлі за імі".

Гэты выкладчык заявіў на судзе, што заняткі не былі праведзеныя да канца:

"Я лічу, гэта парушэнне грамадскага парадку".

Але ён не змог сказаць, ці быў сярод той групы студэнтаў Арцём Вінакураў. Усе дзеянні занялі 2-3 хвіліны.

"У мяне склалася ўражанне, што яны былі гатовыя, вось па-вайсковаму, па-вайсковаму ўсталі і пайшлі, гэта значыць яны былі гатовыя".

На судзе па справе Вінакурава таксама быў дапытаны загадчык лабараторыі Страковіч — куратар групы БДУІР, дзе навучаўся Арцём. Ён ахарактарызаваў Арцёма як "студэнт, не самы адсталы, як большасць студэнтаў, меў аўтарытэт сярод аднакурснікаў".

Была дапытаная і яшчэ адна студэнтка БДУІР Цуро — аднагрупніца Арцёма, стараста групы. Яна апісала яго як добразычлівавга і які заўсёды дапамагаў іншым. 26 кастрчніка яна адсутнічала на парах — дазналася пра падзеі таго дня з інтэрнэта.

У судзе былі агучаныя паказанні яшчэ некалькіх студэнтак, якія не змаглі з'явіцца не змаглі. На судзе ў якасці доказаў быў прагледжаны ролік канфлікту дэкана Леаніда Шыліна і Арцёма Вінакурава.

Суд працягваецца, інфармацыя дапаўняецца. 

Крыніца: Па справе студэнта за заклікі да страйку ў судзе дапыталі 23 сведкі. Працэс працягваецца Дапоўнена