Дзмітрый Гопта ў судзе. Фота: "Гомельская Вясна". У судзе Жлобінскага раёна 27 студзеня пачынаецца разгляд крымінальнай справы палітзняволенага Яўгена Каханоўскага і Дзмітрыя Гопты. Іх вінавацяць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Справу разглядае суддзя Ірына Прадун. Дзяржабвінаваўца – пракурор Аношка.

Згодна з матэрыяламі справы Яўген Каханоўскі з 9 па 11 жніўня 2020 года, у вячэрні і начны час, у мэтах выканання публічных заклікаў да дэструктыўнай дзейнасці, размешчаных на розных інтэрнэт-рэсурсах, сумесна з іншымі грамадзянамі на цэнтральных вуліцах Жлобіна падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў адмовіўся ад выканання законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады.

Пры гэтым ён рухаўся ў складзе групы асоб па праезнай частцы "ў счэпцы", што прывяло да змены маршрутаў руху рэйсавых аўтобусаў.

Пасля абвінавачаны ўжыў гвалт да супрацоўнікаў міліцыі - нанёс удары нагамі і рукамі па іх ахоўным абмундзіраванні і шчытах, а таксама кінуў у іх камяні, бутэлькі і іншыя прадметы.

Акрамя таго, Каханоўскі сумесна з іншымі ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў кінуў камяні ў транспарт, у якім знаходзіліся супрацоўнікі праваахоўных органаў. У выніку такіх супрацьпраўных дзеянняў былі пашкоджаныя тры аўтамабілі, у тым ліку спецтранспарт, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды на 320 і на 840 рублёў.

Пракуратура Гомельскай вобласці  прад'явіла ў суд пазоў аб спагнанні з яго ў інтарэсах УУС Гомельскага аблвыканкама і аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама.

Яўгена Каханоўскага затрымалі 27 жніўня. Да суда знаходзіўся ў СІЗА №3 Гомеля. Дзмітрый Гопта да суда знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

kahanouski-2.jpg
Яўген Каханоўскі ў судзе. Фота: Гомельская Вясна

Напачатку судовага працэсу беспадстаўна забаранялі фатаграфаваць журналістцы Ларысе Шчыраковай, нават спрабавалі выдаліць з судовай залі.

“Знаходзіліся ў натоўпе, свісцелі, крычалі лозунгі, шпурлянулі ў міліцэйскую газэль і МАЗ з вайскоўцамі некалькі камянёў”. Нанеслі шкоду аўтамабілям на суму 320 і 840 рублёў”. - агучвае абвінавачванне пракурор Аношка.

Яўген Каханоўскі сваёй віны не прызнае, кажа -  хадзіў, прагульваўся, у вушах былі навушнікі, таму пра што папярэджвалі людзей міліцыянты не чуў, камяні не кідаў.

.

Крыніца: “Знаходзіліся ў натоўпе, крычалі, шпурлялі ў міліцэйскі транспарт камяні”. Чарговы суд у Жлобіне Дапоўнена