Уладзімір Чыжэўскі. Суд Астравецкага раёна ў складзе суддзі Дзмітрыя Багдановіча, з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы Аляксея Тамчанка 18 студзеня разгледзеў крымінальную справу па абвінавачванню мясцовага жыхара Уладзіміра Чыжэўскага ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт. 368 (абраза Прэзідэнта) і арт.369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Уладзімір Чыжэўскі абвінавачваўся ў тым, што 1 верасня мінулага года ў групе “Астравец для жыцця” месэнджара “Тэлеграм” пад нікам Talash пракаментаваў відэа, у якім Прэзідэнт даў ацэнку дзеянням улады адносна Кандрусевіча. Пры гэтым меў несцярожнасць выкарыстаць ненарматыўнае слова. Якое? У прысудзе не абвяшчалася, але ў чаце можна пабачыць, што гэта слова, відавочна, “д…”.

А 28 кастрычніка мінулага года Уладзімір Чыжэўскі ў той жа групе пракаментаваў відэа, у якім міністр МУС Юрый Караеў выказаўся, у які момант небяспекі міліцыянер мусіць вырашаць пытанне аб выкарыстанні зброі. У каментары таксама ўжыў ненарматыўнае слова і словазлучэнне. Па ўсім відаць, як сведчыць публікацыя, гэта слова “ч…а” у звязку са словам “няруская”. І пазней дадаў, як сведчыць прысуд, негатыўную ацэнку словазлучэннем “не мае права называцца чалавекам”.

У выніку суддзя Багдановіч за абразу Прэзідэнта прысудзіў 1 год і 3 месяцы пазбаўлення волі.

І гэта нягледзячы на тое, што ў самім каментары пасля ненарматыўнага слова Уладзімір адразу напісаў, што просіць прабачэння за яго выкарыстанне.

За абразу ж міністра – 3 месяцы арышту. Шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчатковае пакаранне – 1 год і 3 месяцы пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Прысуд пакуль не ўступіў у сілу.

Крыніца: За абразу прэзідэнта і міністра ўнутраных спраў - 1 год і 3 месяцы пазбаўлення волі