22 студзеня суд Кастрычніцкага раёна горада Мінска вынес прысуд палітзняволенаму Валерыю Каленчыцу, яго абвінавачвацілі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Яго прызналі вінаватым і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу — "хіміі". Менавіта такое пакаранне прасіў пракурор.

Справу разгледзела суддзя Алена Жывіца.

Палітвязня абвінавачвацілі ў тым, што дзясятага жніўня ён з групай асобаў наўмысна перашкаджаў руху грамадскага транспарту, загадзя гэта спланаваўшы.

Палітвязень Валерый Каленчыц: "Дапамаглі выкаціць камень"

Каленчыц пазнаў сябе на фотаздымку, дзе ён з іншымі людзьмі цягне камень на вуліцы Прытыцкага, і часткова прызнаў віну.

21 студзеня суд разгледзеў пісьмовыя матэрыялы справы: рапарт, у якім сказана, што Каленчыц "непасрэдна прымаў удзел у стварэнні барыкадаў", тры фотаздымкі з камянём, дзе абвінавачаны пазнаў сябе. Таксама былі прадстаўленыя рэчдоказы: перапіска ў тэлефоне з "Сябрам", у якой узгадваецца, што "мы на галоўнай старонцы TUT.BY", звесткі пра месцазнаходжанне тэлефона ў момант, чатыры фотаздымкі са СМІ, дзе чатыры хлопцы штурхаюць камень па праезнай частцы. Палітвязень пазнаў сябе на гэтых здымках. 

Таксама была агучаная шкода, прычыненая масавымі беспарадкамі за перыяд з 9 жніўня па 4 кастрычніка. Згодна з даведкай Мінсктранса, агульная шкода ад гэтых дзеянняў склала 414 тысяч 538 рублёў і 39 капеек. Шкода ад прыпынення транспарту склала 404 тысячы 542 рублі і 78 капеек.

На паседжанне праз хваробу не з'явіліся сведкі абавінавачання, у іх адсутнасць былі заслушаныя сведчанні. Кіроўца тралейбуса распавеў, што дзясятага жніўня працаваў на маршруце №13, калі пачаліся праблемы з рухам транспарту праз кіроўцаў, якія выходзілі з аўтамабіляў і крычалі. У 23.55 ён убачыў на вул. Прытыцкага, як хлопцы кацілі камень: сярод іх ён апазнаў Каленчыца. 

У спрэчках абвінаваўца адзначыў, што віна па ч.1 арт.342 даказаная поўнасцю, гэта пацвярджаецца пратаколам, фотаздымкамі, актамі Мінсктранс. Ён запрасіў для абвінавачанага абмежаванне волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову — "хіміі".

Абаронца папрасіў выключыць з абвінавачання праз недаказнасць хлапкі, заклікі, лозунгі, папярэднюю змову. А таксама — прызначыць пакаранне, не звязанае з абмежаваннем волі.

Валерый Каленчыц працуе сантэхнікам, па адукацыі зваршчык. Быў затрыманы ранкам 16 кастрычніка ў сябе дома. 

Крыніца: Палітвязня Валерыя Каленчыца асудзілі да трох гадоў "хіміі"