У судзе Фрунзенскага раёна 14 студзеня працягваецца разгляд справы ў адносінах да Віктара Пархімчыка, якога вінавацяць паводле ч. 1 арт. 14 “Замах на злачынства” і ч. 2 арт. 339 “Хуліганства” Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Андрэй Млечка. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Аксана Саковіч.

Віктар Пархімчык пасля
Віктар Пархімчык (па сярэдзіне) пасля прысуду

У чым вінавацяць Віктара Пархімчыка?

На першым пасяджэнні, якое адбылося 12 студзеня, дзяржабвінаваўца агучыў, што ў віну Віктару Пархімчыку ставіцца тое, што ў перыяд з 12 па 16 лістапада ў некалькі этапаў з хуліганскіх меркаванняў ён раскідаў 510 самарэзаў на праезнай часцы каля адміністрацыйнага будунку памежнага камітэта па вуліцы Якубоўскага, 20 у Мінску. Аднак не давёў злачынства да канца, так як супрацоўнікі памежнага камітэта збіралі раскіданыя самарэзы з праезнай часткі да таго, як па ім праязджаў аўтатранспарт, тым самым не дапускалі пашкоджаня маёмасці грамадзянаў і арганізацый.

Сам Віктар Пархімчык быў затрыманы ў 10.30 раніцы 16 лістапада на месцы здзяйснення злачынства.

Віна мужчыны даказаная аглядам месца здарэння, аглядам планшэта і ноўтбука, вынятымі пры вобшуку ў яго кватэры, пратаколам затрымання і пратаколам запісаў камер відэаназірання, паказаннямі сведкаў.

Што распавёў суду Віктар Пархімчык?

Падсудны віну прызнаў. Ён распавёў, што 12 лістапада праходзіў недалёка ад вул. Якубоўскага, 20, ішоў на склад, дзе захоўваюцца яго будаўнічыя матэрыялы як індывідуальнага прадпрымальніка. Што менавіна знаходзіцца па адрасе Якубоўскага, 20 – не ведаў. За некалькі дзён да гэтага купіў у магазіне паўкіло самарэзаў для працы: спачатку захоўваў іх дома, а 12 лістапада ўзяў з сабой, каб раскідаць на вуліцы. Спецыяльна раскідваць не хадзіў – толькі калі па дарозе на склад. Але атрымалася, што ў той дзень двойчы хадзіў на склад і двойчы раскідваў самарэзы.

Свой учынак ён патлумачыў тым, што за некалькі дзён да гэтага ехаў у бальніцу ў Бараўлянах, перад ім рэзка затармазіла машына серабрыстага колеры, амаль не здарылася ДТЗ, потым гэтая машына павярнула і заехала ў вароты па адрасе вул. Якубоўскага, 20. У абвінавачанага ў той перыяд быў цяжкі эмацыйны стан – ягоная цёця цяжка хварэла (да матэрыялаў далучаная копія пасведчання аб смерці ад 19 снежня 2020 года), маці захварэла на каранавірус (далучаная выпіска з медыцынскіх дакументаў), былі праблемы з ІП – падаваў пазовы, бо не вярнулі яго будаўнічыя матэрыялы. Ён раззлаваўся і на працягу тыдня час ад часу раскідваў у тым месцы самарэзы: двойчы 12 лістапада, днём 13 лістапада, двойчы 14 лістапада і 16 лістапада, пасля чаго быў затрыманы.

У тыя моманты не думаў, што могуць быць пашкоджаныя іншыя машыны. Калі раскідваў – не звяртаў увагу ці засталіся тыя самарэзы, што кідаў раней, не чакаў, праедзе машына, на якую ён быў раззлаваны, ці не.

Абвінавачаны растлумачыў, што самарэзы сур'ёзнага шкоды не павінны былі прычыніць, магчыма іх давялося б даставаць з колаў, але гэта ўсё. Намеру пашкодзіць аўтатранспарт памежнага камітэта ў яго не было, бо адразу ён не ведаў, што дзяржаўная структура там змяшчаецца.

Таксама сказаў, што раскайваецца і просіць прабачэння ў супрацоўнікаў вайсковай часткі, якім прыйшлося прыбіраць самарэзы з дарогі.

З пратаколу допыту ў следчага стала вядома, што 16 лістапада Віктар Пархімчык быў збіты пры затрыманні:

“Каля дома 20 па вул. Якубоўскага высыпаў каля 40 самарэзаў даўжынёй каля 1,8 см і хацеў сыходзіць у бок дома, не збіраўся чакаць, каб паглядзець як хто-небудь праб'е шыны. Як толькі стаў сыходзіць, адразу ж з будынка выскачыла пяць чалавек, якія павалілі мяне на зямлю, заламалі рукі за спіну і затым павялі ў мікрааўтобус, надзелі нешта на галаву. Там мне нанеслі каля 20 удараў, пасля чаго я страціў прытомнасць. Далей мне далі нашатырны спірт і больш не чапалі. Пасля прыехалі супрацоўнікі міліцыі і мной сталі займацца яны. Ім я таксама патлумачыў, што не меў намеру нашкодзіць камусьці канкрэтнаму, а зрабіў гэта проста са злосці, з прычыны дрэннага эмацыйнага стану”.

Чаму паказанні падчас следства і ў судзе адрозніваюцца, абвінавачаны патлумачыў сваім эмацыйным станам – дрэнна ўсведамляў, не ўсё мог успомніць, нешта не так мог патлумачыць.

У судзе выступілі сведкі з боку абароны: жонка абвінавачага адмовілася даваць паказанні, дырэктар фірмы, дзе працуе Віктар Пархімчык харакатызаваў яго станоўча, як чалавека адказнага, незаменнага супрацоўніка і любячага бацьку.

Суд вывучыў пісьмовыя матэрыялы справы, з якіх вынікала, што падчас вобшуку дома быў канфіскаваны планшэт, ноўтбук, бела-чырвона-белы сцяг. З гісторыі браўзераў бачна, што абвінавачаны 3 жніўня 2020 года заходзіў на сайт “Каратели Беларуси”, быў падпісаны на тэлеграм-канал Nexta, а таксама шукаў інфармацыю 13 лістапада па запыце “Якубоўскага, 20” і праглядаў Яндэкс.карты з такім запытам.

Гэтую інфармацыю Віктар Пархімчык патлумачыў тым, што ў спартыўным зале мужчыны сталі абмяркоўваць, што знаходзіцца па гэтым адрасе: можа ЖЭС, магазін, фірма ці КДБ. А падсудны праходзіў побач, і яму стала цікава.

Працяг працэсу пачаўся раніцай 14 студзеня. Пракурор хадайнічала аб выкліке сведкай старэйшага афіцэра вайсковай часткі В.А. Суші, суд хадайніцтва задаволіў. Аднак падчас допыту, адвакатка запыталася, ці прысутнічаў Суша на папярэднім працэсе. Ён адказаў, што так. Допыт сведкі быў скончаны, т.к. ён не меў права даваць паказанні.

У судзе таксама праглядзелі відэа з камер назірання, зачыталі пісьмовыя паказанні Бялевіча і Гаранько, якія дзяжурылі ў вайсковай частцы ў дзень затрымання падсуднага.

Пракурор прасіла суд перакваліфікаваць ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса на першую частку, так як у дзеяннях Віктара Пархімчыка не ўгледжвае факту паўторнасці. Прасіла прызнаць падсуднага вінаватым і пакараць абмежаваннем волі на 3 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Змяніць яму меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

Прысуд быў агучаны 15 студзеня ў 14.05.

Суддзя Андэй Млечка перакваліфікаваў ч. 2 у ч. 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса, прызнаў Віктара Пархімчыка вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Падсуднага адпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыяздзе да ўступлення прысуду ў сілу. 

Віктар Пархімчык намераны абскардзіць прысуд. 

Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс. 

Крыніца: За раскіданыя самарэзы Віктара Пархімчыка пакаралі 2 гадамі "хіміі" Дапоўнена