У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай праваабарончай арганізацыяй Libereco, дэпутатка швейцарскага парламента Тамара Фунічэла і лорд Фоўлкс з брытанскай Палаты лордаў сталі “хроснымі” беларускіх палітвязняў Мікалая Дзядка і Сцяпана Латыпава. Прадстаўніца партыі сацыял-дэмакратаў Тамара Фунічэла падтрымала Мікалая Дзядка.

"Імя Мікалая Дзядка азначае супраціў рэжыму Лукашэнкі. Мікалай — анархіст і шмат гадоў выступае за перамены ў Беларусі. 12 лістапада за супраціў рэжыму яго затрымалі і падверглі катаванням. З таго часу ён знаходзіцца ў зняволенні па палітычных прычынах. Таму, як дэпутатка Нацыянальнай рады ад сацыял-дэмакратычнай партыі, я бяру на сябе абавязак “хроснай” Мікалая і патрабую яго неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі! Лукашэнка павінен сысці ў адстаўку і вярнуць народу свабоду. Праявім салідарнасць з народам Беларусі #WeStandBYyou”, - заявіла яна.

Лорд Фоўлкс, шатландскі дэпутат Брытанскай Палаты лордаў, стаў “хросным” Сцяпана Латыпава.

З гэтай нагоды ён заявіў:

“Я далучаюся да парламентарыяў па ўсёй Еўропе і заклікаю ўлады Беларусі вызваліць незаконна затрыманых зняволеных, у тым ліку Сцяпана Латыпава, якога я “ўсынавіў” і які быў затрыманы па надуманым абвінавачванні ў вырабе хімікатаў для атручвання супрацоўнікаў міліцыі. Ён арбарыст, і выкарыстоўвае хімічныя рэчывы ў сваёй працы. Я таксама буду заахвочваць сваіх калег па Палаце лордаў і Палаце абшчын стаць “хроснымі” для іншых зняволеных і ўзмацніць кампанію па іх вызваленні”.

Таксама, да кампаніі салідарнасці далучыліся чарговыя дэпутаты нямецкага Бундэстага: Крыстоф Матчы і Аляксандр Краўс, якія сталі “хроснымі” палітвязняў Юрыя Бялько і Давіда Масціцкага, адпаведна.

Крыстоф Матчы, дэпутат Бундэстага Германіі і старшыня Падкамісіі па справах ААН, міжнародных арганізацый і глабалізацыі, сказаў з гэтай нагоды:

“Правы чалавека рэгулярна парушаюцца ва ўсім свеце. За апошнія гады сітуацыя пагоршылася. Апошні прыклад гэтага — сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Менавіта таму асабліва важная дзейнасць арганізацый, сусветных і мясцовых ініцыятыў. Я падтрымліваю іх ад усёй душы.”

“Беларусы выступаюць за дэмакратыю. У іх мы можам навучыцца гэтай павазе да дэмакратыі. Вось чаму я бяру на сябе абавязак “хроснага” Давіда Масціцкага і патрабую яго неадкладнага вызвалення”, — сказаў дэпутат Бундэстага Аляксандр Краўс.

Крыніца: У Мікалая Дзядка і Сцяпана Латыпава з’явіліся “хросныя” ў Швейцарыі і Вялікабрытаніі