Чацвёртага снежня "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, новыя крымінальныя справы, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Як паведаміў блогер Антон Матолька ў сваім тэлеграм-канале, супрацоўнікі цэнтральнага апарату КДБ каля 17 гадзін у Мінску затрымалі Валерыю Эйсмант, былую супрацоўніцу мінскай пракуратуры і дзяўчыну палітвязня Яўгена Юшкевіча. Прыблізна ў гэты час быў вызвалены і сам Яўген Юшкевіч – яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. 

Валерыя Эйсмант
Валерыя Эйсмант

Па словах адваката, Валерыя Эйсмант дастаўленая ў СІЗА на тэрмін да трох сутак, піша TUT.BY.

Палітвязню Яўгену Юшкевічу змянілі меру стрымання. Цяпер ён на волі

Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале блогер Антон Матолька, палітвязню Яўгену Юшкевічу пасля следчых дзеянняў змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Яго вызвалілі са следчага ізалятара пасля 10 дзён зняволення. Яўгену інкрымінавалі ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), у якім статусе ён знаходзіцца цяпер – пакуль невядома.

Прыблізна ў 18:40 былая карэспандэнтка і вядучая СТБ, а цяпер падазраваная па арт. 342 КК, Алёна Чарняўская паведаміла, што ў яе доме адбываецца ператрус. Алёну затрымалі 1 лістапада на нядзельным маршы, яна стала адной з 231 падазраваных у крымінальнай справе.

У Мінску 4 снежня таксама была затрыманая Вікторыя Ляшчынская. Яе даставілі ў ЦІП, падрабязнасці выствятляюцца.

Пружаны

Праваабаронцам "Вясны" паведамілі, што ў Пружанах былі затрыманыя Вольга Хамічук і Валенціна Корсак. Вядома, што жанчын завезлі ў Маскоўскі РАУС Брэста, магчыма, у межах крымінальнай справы.

Інфармацыя будзе дапаўняццца

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 4 снежня