У Мінску 1 траўня на Кастрычніцкай плошчы, дзе анансавалася акцыя Беларускага нацыянальнага кангрэсу, сабраліся журналісты, АМАП, людзі ў цывільным, але зусім не шмат людзей.

Выйсці на гэтую акцыю заклікаў палітык Мікалай Статкевіч, лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу, якога 28 красавіка арыштавалі на пяць сутак і ўтрымліваюць на Акрэсціна.

На плошчы за Палацам рэспублікі назіральнікі зафіксавалі шэсць аўтазакаў, чатыры мікрааўтобусы, аўтобус з АМАПам, на самой плошчы пакуль налічылі 45 супрацоўнікаў міліцыі, каля 30 людзей у цывільным.

Як паведамляюць журналісты і назіральнікі Грамадзянскага кантроля, людзей блакуюць на падыходзе да плошчы, у прыватнасці ў раёне рэстарана Макдональдс. Таксама ўдзельнікі акцыі кажуць, што людзей затрымлівалі па дарозе з рэгіёнаў.

Да тых, хто ўжо прыйшоў на плошчу, падыйшоў супрацоўнік міліцыі і ў гукаўзмацняльнік заклікаў усіх разыходзіцца, паколькі акцыя недазволеная, і папярэдзіў, што ў адваротным выпадку будуць прымяняцца спецсродкі.

Людзі пакрыху збіраюцца, размаўляюць паміж сабой і з журналістамі. Час ад часу выкрыкваюць "Жыве Беларусь!", "Свабоду палітвязням!" і пляскаюць у далоні.

На прыступкі Палацу рэспублікі ўзняліся палітыкі Павел Севярынец, Уладзімір Някляеў і пачалі мітынг з закліку “Свабоду палітвязням!”.

Крыніца: На Кастрычніцкай – міліцыя, аўтазакі, журналісты, збіраюцца людзі