Праваабаронца Алесь Дзергачоў Затрыманага смаргонскага праваабаронцу Алеся Дзергачова пратрымалі 72 гадзіны за кратамі ізалятара. Яго выпусцілі ўвечары 17 лістапада.

Па інфармацыі "Гарадзенскай вясны", на Алеся Дзергачова складзены пратакол за знаходжанне ў горадзе Смаргонь 8 лістапада сярод людзей з паветранымі шарыкамі. Пратакол паводле часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП.

Начальнік смаргонскага ізалятара паведаміў Дзергачову, што яго справу не разглядалі ў панядзелак, таму што ведаюць, што ён заўсёды патрабуе весці адмінпрацэс на беларускай мове, а суд да гэтага не падрыхтаваны. Алесь Дзергачоў адзначае, што звычайна яго справы перадаюцца суддзю Дзмітрыю Дамараду, які адзіны ў Смаргоні можа весці працэс па-беларуску. Але гэты суддзя, відаць, быў заняты.

Цяпер Алесь Дзергачоў чакае позвы ў суд.

Крыніца: Праваабаронцу "Вясны" Алеся Дзергачова пратрымалі за кратамі 72 гадзіны