Зміцер Паліенка. Зьмітра Паліенку пасадзіла на сем сутак у ШЫЗА. Пра гэта 23-гадовы вязень сумленьня напісаў у паштоўцы свайму сябру, актывісту анархісцкага руху Вячаславу Касінераву, які даслаў паштоўку «Свабодзе».

Сёлета ў жніўні ў лісьце сябрам Паліенка распавядаў, што трапіў у штрафны ізалятар на 4 дні ў тым ліку за адмову мыць санвузел. Цяпер Паліенка піша, што яго пакаралі сярод іншага за тое, што не павесіў прасьціну «на шканар».

У кастрычніку 2016 году прыхільнік анархісцкага руху Зьміцер Паліенка быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай нібыта за напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які адбыўся раней у Менску. Міліцыянты брутальна спынілі акцыю, некалькі чалавек затрымалі, у тым ліку Паліенку, які нібыта парваў вопратку супрацоўніка міліцыі. Сваёй віны актывіст не прызнаў.

Пасьля суду Зьміцер Паліенка браў удзел у пікетах салідарнасьці ды іншых пратэставых акцыях. Увесну 2017 году актывіста зноў арыштавалі і на пачатку красавіка прысудзілі яму адбываць тэрмін ва ўмовах зьняволеньня. Суд толькі залічыў 5 месяцаў, якія Паліенка ўжо адбыў за кратамі падчас сьледзтва па справе «Крытычнай масы». Пасьля новага суду над Зьмітром Паліенкам беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Сёлета ў жніўні міжнародная праваабарончая арганізацыі Amnesty International прызнала Зьмітра Паліенку вязьнем сумленьня і заклікала беларускія ўлады «неадкладна і без умоваў вызваліць» хлопца, які «быў зьняволены выключна за мірнае ажыцьцяўленьне сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў».

Крыніца: Вязьня сумленьня Паліенку пасадзілі на 7 сутак у штрафны ізалятар