Анісія Казлюк Актывістку валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра “Вясна” па вяртанні з Літвы затрымалі беларускія памежнікі вечарам 22 кастрычніка.

Анісія Казлюк вярталася ў Беларусь аўтобусам пасля працы на IV Беларускім праваабарончым форуме. Пры праверцы пашпарта на экране манітора памежнікаў з’явілася нейкая адзнака, пасля чаго дзяўчыне прапанавалі прайсці асабісты дагляд. Пашпарт ёй не аддаюць.  Кажуць: "Прыйдзе старэйшы і ўсё патлумачыць".

Тэлефонная сувязь з Анісіяй  адсутнічае і таму невядома пакуль, якія прычыны яе затрымання.

Пад час агляду былі ўважліва правераныя ўсе асабістыя рэчы, канфіскаваная кніга Алеся Бяляцкага. Памежнікі доўга распытвалі яе аб тым, што рабіла ў Вільні, чым займаецца цяпер.

Варта нагадаць, што 26 верасня ў Мінску адбыліся ператрусы ў розных сацыяльных актывістаў,  следчыя абшукалі таксама і кватэру, якую здымае Анісія з сяброўкай. Магчыма, гэта і з'явілася падставаю для пільнай увагі да актывісткі.

Крыніца: На беларуска-літоўскай мяжы затрыманая валанцёрка “Вясны” Анісія Казлюк