У пятніцу, 25 верасня, у Беларусі працягваюцца затрыманні па ўсёй Беларусі. "Вясна" збірае спісы затрыманых. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

Днём 25 верасня быў затрыманы студэнт 4-га курса БДУІР, сябра стачкама Дзмітрый Мазура. Яго затрымалі невядомыя ў цывільным пасля студэнцкай акцыі пратэста. Па папярэдняй інфармацыі, яго даставілі ў РУУС Савецкага раёна Мінска. 

У Салігорску быў затрыманы Аляксандр Краўчук. Яго затрымалі каля дома, калі выносіў смецце. Трое прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі, спыталі яго прозвішча, затрымалі і звезлі ў невядомым накірунку. Сваякі кажуць, што ў мясцовым РУУСе яго няма. Цяпер яго месцазнаходжанне невядомае.

Увечары ў Мінску на выхадзе з кавярні затрымалі Вольгу Буцько. Затрымлівалі людзі ў цывільным, пасадзілі ў срэбны Volkswagen Polo. Падставы затрымання невядомыя.

Таксама паведамляецца пра затрыманне актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля. Сілавікі "штурмавалі" яго кватэру ў Мінску. Прычыны і падставы затрымання пакуль невядомыя. Па інфармацыі "Еўрарадыё" ў кватэры, дзе жывуць актывісты "Еўрапейскай Беларусі", прайшлі "маскі-шоў" і ператрус. Затрыманыя тры ці чатыры чалавекі, верагодна, сярод якіх і Яўген Афнагель.

У Беларусі ўзбудзілі яшчэ дзве крымінальныя справы па "масавых беспарадках"

Праваабаронцам "Вясны" 25 верасня стала вядома аб узбуджэнні двух крымінальных спраў у Беларусі па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі"). У рамках крымінальных справаў паводле гэтага артыкула затрыманыя 18-гадовы актывіст з Заслаўя Іван Красоўскі і магілёвец Аляксей Пахомаў.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Хроніка пераследу ў Беларусі 25 верасня